Logo Polskiego Radia
Print

Маем Незалежную (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.11.2013 17:00
  • Маем Незалежную.mp3
Арганізатары акцыі заахвочваюць адправіць блізкім паштоўку з нагоды Дня Незалежнасьці.
tvpparlament.pl
tvpparlament.pl

З нагоды Дня Незалежнасьці адпраў сваім блізкім і знаёмым паштоўку „Маем Незалежную”, - заахвочваюць арганізатары акцыі, прымеркаванай да нацыянальнага сьвята ў Польшчы.

Ініцыятарам акцыі зьяўляецца Музэй Юзэфа Пілсудзкага ў Сулеюўку.
Ейны каардынатар Анна Асядач тлумачыць, што кожны, хто захоча менавіта такім чынам адсьвяткаваць гэтую падзею, зможа адправіць паштоўку бясплатна.

zspoligraf.pl
zspoligraf.pl

Анна Асядач: Акцыя мае бясплатны характар. Мы падрыхтавалі ўсё такім чынам, каб Вы маглі радавацца й дзяліцца гэтай радасьцю безь ніякіх дадатковых коштаў.

Дырэктар музэя, адначасова ўнук маршала Юзэфа Пілсудзкага Кшыштаф Ярачэўскі тлумачыць адкуль узялася ідэя акцыі „Маем Незалежную”.

Кшыштаф Ярачэўскі: Калі мы маем незалежную дзяржаву, то трэба дзяліцца гэтай радасьцю паміж сабой. Дзеля гэтага дастаткова загадзя адправіць сьвяточную паштоўку, думаючы пра незалежнасьць нашай краіны. Дзень Незалежнасьці - гэта ня толькі аднадзённае сьвята.

11 лістапада палякі павінны сьвяткаваць разам, а ня побач - пераконвае сьпікерка польскага Сэйма. Эва Копач зьяўляецца ганаровым патронам акцыі „Маем Незалежную”.

Эва Копач: Асабліва дзень 11 лістапада мы павінны сьвяткаваць супольна, а ня побач. Мы павінны радавацца разам, а ня побач адзін аднаго. Мы павінны памятаць, што свабода, якую мы атрымалі назад 95 гадоў таму не зьяўляецца выключнай уласнасьцю каго-небудзь - кожны з нас мае столькі ж свабоды.

rockniepodleglosci.pl
rockniepodleglosci.pl

Каб удзельнічаць у акцыі дастаткова адправіць бясплатныя вінгшаваньні з Днём Незалежнасьці на адмысловай паштоўцы. Яна можа мець традыцыйную друкаваную або электронную форму, - тлумачыць сьпікерка польскага Сэйму.

Эва Копач: Я адпраўляю гэтую паштоўку маёй дачцы, якая зараз выхоўвае 13-месячнага сына. Гаворка ідзе пра тое, каб у будучыні яна паказвала гэтую паштоўку свайму сыну, як першую ягоную карэспандэнцыю. Каб яна нагадала, што 11 лістапада - гэта асаблівае сьвята; вельмі радаснае сьвята для палякаў.

Грамадзкую кампанію падтрымліваюць таксама вядомыя прадстаўнікі палітыкі, спорту ці мастацтва. Напрыклад, актор Мацей Дамэнцкі таксама намерваецца адправіць паштоўку.

Матэвуш Дамэнцкі: Гэтая паштоўка - сымбаль таго, як сучасьнiкi павінны ўспрымаць незалежнасьць краіны. Мне падабаецца такая пісьмовая, традыцыйная паштоўка, якую атрымаем нават тады, калі адключаць электрычнасьць.

jpilsudski.org
jpilsudski.org

Арганізатар акцыі Кшыштаф Ярачэўскі падзякаваў за ўдзел у кампаніі скаўтам, Пошце польскай і дзяржаўным установам.

Кшыштаф Ярачэўскі: Калісьці Юзэф Пілсудзкі заявіў, што ў дзяцей мы павінны вучыцца радасьці й таго, як быць шчасьлівымі. Калі дзіця радуецца нечаму, то хоча падзяліцца гэтай радасьцю з маці, бацькам, дзядуляй. Вось гэта ідэя акцыі - дзяліцца радасьцю.

Мастацкай распрацоўкай паштовак заняліся выдатныя польскія мастакі-графікі: Пётр Младажэнец, Анджэй Пангоўскі й Юзэф Вількань. Паштоўкі „Маем Незалежную” можна атрымаць бясплатна, між іншым, у гарадзкіх офісах Варшавы, а таксама ў сядзібах скаўтынгу ў Гданьску, Кракаве, Лодзі, Познані і Ўроцлаве.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт