Logo Polskiego Radia
Print

Гадавіна тэракту ў менскім мэтро: пытаньні застаюцца

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 11.04.2013 15:27
  • Гадавіна тэракту ў менскім мэтро.mp3
Доўгі час лічылася, што Беларусь - стабільная краіна, а выбухі ды тэракты яе абміналі.

/

Прыканцы 2000-ых гадоў сытуацыя зьмянілася. Спачатку прагучаў адзін выбух, а потым другі. Суд прайшоў, прызнаў вінаватых і пакараў іх сьмерцю. Але пытаньні застаюцца. Чарговая гадавіна тых падзеяў – чарговая нагода згадаць пра іх.

11 красавіка 2011-га году ў менскім мэтро прагрымеў выбух. Гэта адбылося на станцыі Кастрычніцкая а 17:56. У выніку загінула 15 чалавек, а 315 былі параненыя. Беларускія ўлады зарэагавалі апэратыўна. Увечары наступнага дня міліцыя затрымала дзьве асобы: 25-гадовых жыхароў Віцебску Дзьмітрыя Канавалава ды Ўладзіслава Кавалёва. Іх абвінавацілі ў арганізацыі выбуху ў мэтро. Следзтва ды судовы працэс заняў ня цэлы год. Пры гэтым затрыманых прызналі вінаватымі ў арганізацыі ня толькі выбуху ў Менску ў 2011-м годзе, але й выбухаў 2005-га году ў Віцебску ды 2008-га году ў Менску. 14-га сакавіка Лукашэнка паведаміў, што адмовіў асуджаным у памілаваньні. 15-га сакавіка іх расстралялі.

Нягледзячы на апэратыўнасьць ды адкрытасьць працэсу, засталося шмат пытаньняў. Напрыклад, праваабаронцы зазначаюць, што з-за шматлікіх працэсуальных парушэньняў працэс над Канавалавым і Кавалёвам ня быў справядлівым. Гаворыць праваабаронца Ўладзімір Лабковіч.

Уладзімір Лабковіч: Гэта надзвычай трагічная дата ў гісторыі Беларусі. Я добра памятаю страх у вачах людзей на вуліцах Менску пасьля той падзеі. Але самае галоўная выснова ў тым, што пры дыктатуры ня можа быць ніякага правасудзьдзя. Мы гэта назіралі на судзе, які адбываўся над гэтак званымі абвінавачанымі ў гэтым тэракце. Я не даю ацэнку даказанасьці гэтага злачынства. Самае галоўнае – гэта татальныя працэсуальныя парушэньні, якія былі падчас гэтага працэсу. Таму яго нельга назваць ані свабодным, ані справядлівым. Самае прыкрае – гэта той цынізм, зь якім улады зьдзейсьнілі пакараньне, нягледзячы на патрабаваньні вялізнай колькасьці грамадзтва, міжнародны дзеячоў, іерархаў самых розных канфэсій.

Па сёньняшні дзень гучаць меркаваньні пра магчымы “ўладны сьлед” у гэтай трагедыі. Асабліва часта гучаць падобныя меркаваньні ў інтэрнэце ды з боку апанэнтаў беларускага рэжыму. Цьвёрдых доказаў няма, але засталіся шматлікія пытаньні, на якія сьледзтва не дало ўвагу. Пра гэтыя пытаньні кажа аналітык варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі.

Каміль Клысіньскі: Застаюцца сумневы, ці асуджаныя маладзёны былі насамрэч выканаўцамі й ці яны дзейнічалі па ўласнай ініцыятыве. Сьледзтва не дало на гэта адказу, як і іхныя паводзіны падчас працэсу. Яны выглядалі запалоханымі: альбо яны нешта недагаварвалі ды па невядомых прычынах не хацелі агучаць сваёй інфармацыі. Цяжка паверыць у тое, што двух маладзёнаў, ня вельмі адукаваных ды засяроджаных на сваім жыцьці, падрыхтавалі ды выканалі зь незразумелых прычын гэты тэракт у цэнтры Менску. На думку спэцыялістаў, ён быў праведзены даволі прафэсійна. Няма доказаў, што за гэтым выбухам стаяць нейкія сілы сярод беларускіх уладаў. Але гэтая падзея была выкарыстаная рэжымам, каб стварыць атмасфэру пагрозы ў грамадзтве й пачаць уводзіць большы кантроль ды дысціпліну коштам абмежаваньня правоў. Гэта адназначна на руку аўтарытарнай уладзе, якая ня можа разабрацца з эканамічнымі праблемамі.

Сумневы ў гучных справах ёсьць заўсёды. Выбух у менскім мэтро, безумоўна, быў і надалей застаецца гучнай справай у Беларусі. У такіх выпадках галоўны прынцып дзеяньняў уладаў – даць хуткі адказ, кажа расейскі экспэрт Кірыл Коктыш. У такой сытуацыі – праўда, гэта ня тое, чым у першую чаргу кіруюцца ўлады.

Кірыл Коктыш: Улады імкнуліся да таго, каб паставіць нейкую кропку ды ўнесьці яснасьць. Для ўлады куды горшым ёсьць пытаньне, якое цягнецца й застаецца без адказу. Таму апэрытыўна быў дадзены адказ. Але гэтая лёгіка на абавязкова азначае, што ўлады выкрываюць тую ісьціну й праўды, якая насамрэч была. Было выкрытае тое, што магчыма было выкарыстаць.

Выбух 11-га красавіка 2011-га году стаў, безумоўна, нагодай для ўладаў узмацніць кантроль над грамадзтвам ў імя бясьпекі. Ён спарадзіў страх, якога раней у Беларусі не было. Зь іншага боку судовы працэс ня даў дастатковага адказу на пытаньне, хто насамрэч зьдзейсьніў гэты акт ды дзеля чаго. У выніку ў Беларусі зьмянілася стаўленьне да сьмяротнага пакараньня. Гаворыць Уладзімір Лабковіч.

Уладзімір Лабковіч: Гэтае судзілішча, якое было, вельмі моцна зьмяніла погляды беларусаў. Калі раней на пачатку кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня” мы адчувалі, што грамадзтва ня вельмі адгукаецца на яе, то цяпер мы бачым, наколькі грамадзкая думка зьмянілася. Беларусы гатовыя ўспрымаць эўрапейскія каштоўнасьці ды адмовіцца ад гэтага пакараньня.

Беларускія праваабронцы, напрыклад, Алег Воўчак, выступілі з ініцыятывай зрабіць 11-га красавіка Днём памяці ахвяр тэрору ў Беларусі. У памяць па загінулым сёньня пройдуць набажэнствы ў каталіцкіх ды праваслаўных храмах у Менску.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт