Logo Polskiego Radia
Print

Ад цывілізацыйнай хваробы памрэ кожны чацьвёрты

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 04.02.2013 14:44
  • рак.mp3
У 2030 годзе на рак захварэе 20 мільёнаў чалавек у сьвеце.

Праблема ракавых захворваньняў тычыцца ўсіх людзей ва ўсім сьвеце, колькасьць хворых будзе расьці, а таму трэба зрабіць усё, каб абараніцца ад рака. Так кажуць экспэрты ў Сусьветны дзень барацьбы з ракам і заклікаюць весьці здаровы лад жыцьця.

Па-першае, не курыць. Па-другое, не таўсьцець. Акрамя гэтага правільна харчавацца й не забываць пра фізычную актыўнасьць. Менавіта пра гэтыя прынцыпы нагадвае Сусьветная арганізацыя здароўя. Паводле яе, дзякуючы звычайнай асьцярожнасьці можна не дапусьціць да амаль 1/3 выпадкаў ракавых захворваньняў. Ня ўсе пра гэта ведаюць, таму на сёньняшні дзень абраны лёзунг - “Ці ты ведаеш?”

У Сусьветнай арганізацыі здароўя тлумачаць, што з ракам зьвязана шмат мітаў, напрыклад, што гэта сьмяротны прысуд. Ракавыя пухліны, якія яшчэ 20 гадоў таму былі сьмяротныя, сёньня не зьяўляюцца такімі страшнымі. Апошнімі гадамі навукоўцы мелі шмат дасягненьняў у барацьбе з ракам. Гэта аднак не мяняе факту, што момант, калі мэдыцына пераможа рак, яшчэ вельмі далёка – кажуць у САЗ.

Існуе больш за 100 відаў рака. У глябальнай пэрспэктыве штогод выяўляецца 12 мільёнаў выпадкаў. Паколькі гэтая хвароба зьвязаная з узростам, а грамадзтва старэе, то колькасьць захворваньняў будзе павялічавацца. Мяркуецца, што ў 2030 годзе на рак захварэе 20 мільёнаў чалавек.

Рак – гэта цывілізацыйная хвароба. Яна атакуе, нягледзячы на ўзрост, фінансавую сытуацыю ці стыль жыцьця. У значнай колькасьці выпадкаў можна яе аднак вылечыць. Аб гэтым пераконвае фонд “Роса”, які арганізаваў кампанію “Рак. Гэта лечыцца”. Старшыня фонду Богдан Пэцушок мяркуе, што трэба зьмяніць спосаб мысьленьня пра гэтую хваробу.

Б. Пэцушок: Да гэтага часу пра рак гаварылася з сорамам альбо ўвогуле не гаварылася. Таму мы прыцягнулі да акцыі, з аднаго боку, лекараў, зь іншага – артыстаў, каб пачаць адкрыта казаць пра рак і паспрабаваць дапамагчы пацыентам, якія самыя не спраўляюцца з хваробаю.

Старшыня Польскай кааліцыі арганізацый анкалягічных пацыентаў Яцэк Гугульскі падкрэсьлівае, што анкалягічнае захворваньне не азначае сьмяротнага прысуду. Гугульскі дадае, што пацыенты павінны перастаць баяцца абсьледаваньня.

Я. Гугульскі: Калі нічога ня будзе знойдзена, то цудоўна, рак выключаны. А калі рак будзе, то лепш адкрыць яго на пачатковым этапе й пачаць яго лячыць, а не казаць пазьней: ніхто не параіў раней пайсьці да спэцыяліста, а цяпер я вымушаны прымаць значна мацнейшыя лекі, якія абцяжарваюць мой арганізм, а шанцы на выздараўленьне значна меншыя.

Рак становіцца галоўным забойцам людзей у ХХІ стагодзьдзі – зьвяртае ўвагу старшыня Польскага анкалягічнага зьвязу. Януш Мэдэр адзначае, што цягам бліжэйшых 10-15 гадоў адбудзецца падвойны рост колькасьці захворваньняў ракам. На гэта ўплывае шмат рэчаў, зьвязаных, між іншым, з дрэннымі звычкамі.

Я. Мэдэр: Мы жывем усё даўжэй, грамадзтва старэе, а ў старэйшым узросьце шанцы захварэць большыя. Гэта курэньне, няправільнае харчаваньне, адсутнасьць фізычных практыкаваньняў, жыцьцё ў стрэсе.

Януш Мэдэр адзначае, што трэба рэгулярна абсьледавацца й кансультаваць зь лекарам усе падазроныя сымптомы, асабліва, калі яны ўтрымліваюцца даўжэй за 2-3 тыдні.

Польшча адстае ад Эўропы па выніках барацьбы з ракам. У сярэднім кожны другі жыхар ЭЗ, у якога выяўлены рак, можа перамагчы хваробу. У Польшчы толькі 38% пражывае 5 гадоў ад моманту дыягназаваньня хваробы.

Калі казаць пра Беларусь, то за апошнія 10 гадоў у краіне павялічылася колькасьць хворых на рак скуры (79%), на рак прастаты (130%), на рак ныркі, на рак шыйкі маткі й рак малочнай залозы. Мэдыкі адзначаюць, што рак найчасьцей закранае людзей пэнсійнага ўзросту (69%).

Ня вельмі аптымістычныя й прагнозы: калі колькасьць хворых на рак будзе павялічвацца такімі ж тэмпамі, як цяпер, то гадоў праз 20 у Беларусі будзе рэгістравацца больш за 78 тысяч выпадкаў рака ў год.

У структуры захворваньня злаякаснымі ўтварэньнямі ў мужчын на 1-м месцы рак лёгкіх (18%), на 2-м – рак скуры (14%), сьледам ідуць захворваньні прастаты, страўніка, тоўстага кішэчніка й нырак. У жанчын найбольш уражлівая скура (20%), малочная залоза (18%) і кішэчнік (11%) (дадзеныя з 2011 году паводле Інтэрфакса).

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт