Паводле прагнозаў за бліжэйшыя 20 год насельніцтва Польшчы скароціцца на 6 мільёнаў чалавек. Якія дэмаграфічныя пэрспэктывы чакаюць Беларусь?
У Польшчы не спыняюцца дыскусіі на тэму дэмаграфіі ў краіне ды дзяржаўнай палітыкі ў сямейнай сфэры. Гэтыя дыскусіі выкліканы прагнозамі дэмографаў. Паводле падлікаў старшыні Дзяржаўнай рады народанасельніцтва Зьбігнева Стшэлецкага, да 2040-га году польскае насельніцтва скароціцца на 6 мільёнаў людзей.
Зьбігнеў Стшэлецкі: У першую чаргу гэта праблема ваяводзтваў без вялікіх аглямэрацый - гэта ўсе памежныя ваяводзтвы Польшчы. Уся краіна ўваходзіць у зону дэмаграфічнага крызысу. Гэта пацьвярджаюць прагнозы польскія ды міжнародныя, у тым ліку ААН. Палякаў стане менш на некалькі мільёнаў. Адвярнуць гэтую тэндэнцыю можна праз стрыманьне падзеньня нараджальнасьці, а таксама большага адкрыцьця на эміграцыю.
Больш стрыманыя ацэнкі прыводзяць прадстаўнікі Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня. Гаворыць Люцына Новак, кіраўнік дэпартамэнту дэмаграфічных дасьледаваньняў.
Люцына Новак: Галоўнае статыстычнае ўпраўленьне падрыхтавала прагнозы да 2035-га году. Да гэта часу будзе нас менш на 2 мільёны. Што тычыцца далейшай пэрспэктывы, ёсьць розныя погляды. Можна спрачацца, ці 6, ці 5 , ці 4 мільёны, але дакладна насельніцтва будзе скарачацца, як мінімум больш чым на 2 мільёны.
Нягледзячы на розьніцу ў ацэнках дэмографаў палітыкі лічаць гэтую пэрспэктыву вельмі сур’ёзнай праблемай. Таму іншая частка дыскусіі датычыць таго, якім чынам можна запаволіць гэтую тэндэнцыю. Адно з рашэньняў – разбудова сацыяльнай інфраструктуры (дзіцячыя садкі, іншыя формы апекі над дзецьмі), каб дазволіць жанчынам спалучаць мацярынства з працай. Гаворыць міністарка з канцылярыі прэзыдэнта Ірэна Вайціцка.
Ірэна Вайціцка: Размова ідзе ў першую чаргу пра шырокі ўрадавы пакет новаўвядзеньняў, якія датычаць дашкольнай апекі, даўжэйшага адпачынку па выхаваньні дзіцяці. Гэта адзін з фрагмэнтаў больш шырокай “сямейнай” палітыкі, мэта якой - дэмаграфічнае адраджэньне краіны. Размова ідзе пра тое, каб стварыць умовы для моладзі для павялічэньня сям’і. Як вядома, надалей застаецца вялікая розьніца паміж пажаданьнямі моладзі, а сапраўднай колькасьцю дзяцей. Менавіта на гэта можа ўплываць сямейная палітыка.
Іншая актуальная справа – апека над пажылымі людзьмі. Гэта вельмі важнае пытаньне ў Польшчы, дзе старэйшых асобаў павялічваецца, а адпаведных установаў не прыбывае, зазначае доктар Аніта Абрамоўска з Вышэйшай гандлёвай школы.
Аніта Абрамоўска: У першую чаргу трэба зьвярнуць увагу на тое, што будуць пагаршацца адносіны паміж пакаленьнямі й паасобнымі ўзроставымі групамі. Гэта зьвязана з тым, што будзе ўсё менш людзей, якія змогуць апекавацца несамастойнай старэйшай асобай. Гэта вельмі важна! Бо ў нашай краіне апекай за старэйшымі людзьмі займаюцца сем’і. Дзяржава й дзяржаўныя ўстановы замала ў гэтай справе дапамагаюць.
Якая дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі? Ня лепшая чым у Польшчы. За апошнія 10 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася больш чым на 500 тысяч чалавек. Вельмі моцна скарацілася колькасьць дзяцей (на 30%), а павялічылася колькасьць удоваў (18%) - як пасьля ІІ сусьветнай вайны. Пры такой тэндэнцыі колькі застанецца беларусаў праз 20-30 гадоў? Якія гэта будзе мець наступствы для эканомікі? Нэгатыўныя, але не трагічныя, кажа эканаміст Міхась Залескі.
Міхась Залескі: Яшчэ ў савецкія часы ў Беларусі была дэпапуляцыя, тады гэтую інфармацыю засакрэцілі, хаця гэтыя працэсы пачаліся даўно, бо пераход адбыўся як у Эўропе ў 1935-м годзе. Дзетнасьць тады была сярэдняя 5,6 дзіцёнка на сям’ю. З таго часу дзетнасьць пачала скарачацца й цяпер вакол адзінкі боўтаецца. Адсюль ідзе й дэпапуляцыя. Старыя дажываюць свой век, а маладых нямнога. Турбавацца варта ня столькі пра скарачэньнем насельніцтва, а зьмяненьне дэмаграфічнай структуры. Узрастае група старых, пэнсіянэраў, гэта абцяжарвае сацыяльную сытуацыю ў краіне. Тым, хто застаўся, трэба павышаць прадукцыйнасьць сваёй працы, каб утрымліваць сваіх старых і нямоглых.
Дэмаграфічныя праблемы ўсё вастрэй закранаюць Цэнтральную ды Ўсходнюю Эўропу. Сыстэматычна апошнія дзесяцігодзьдзі колькасьць насельніцтва ў гэтай частцы Эўропы скарачаецца. Урады спрабуюць пераламаць гэтую тэндэнцыю, але пакуль беспасьпяхова.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч