Logo Polskiego Radia
Print

Вайна 1812 году

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.11.2012 08:18
Што прынесла або магла прынесьці гэтая вайна беларусам?

У гэтыя дні ў Беларусі праходзяць памятныя мерапрыемствы з нагоды гадавіны вайны 1812 году. Ад 26 да 29 лістапада роўна 200 гадоў таму на рацэ Бярэзіне ішлі баі паміж арміяй імпэратара Напалеона І Банапарта і расейскімі войскамі. У выніку французы былі разьбітыя амаль ушчэнт. А што прынесла або магла прынесьці гэтая вайна беларусам?

Яшчэ нядаўна ў Беларусі называлі вайну з Напалеонам Айчыннай вайной. Цяпер жа яе проста называюць вайной 1812 году. Аднак яна насамрэч пачалася некалькімі гадамі раней, калі быў падпісаны Тыльзіцкі мір, у выніку якога Расейская імпэрыя далучылася ла кантынентальнай блякады Англіі, а ўзамен Напалеон аддаў Расеі Беласток і Беластоцкую вобласьць. А сярод беларусаў былі розныя адносіны да гэтай вайны - распавядае гісторык Валянцін Голубеў.

В. Голубеў: Вайна 1812 г. была неаднолькава ўспрынятая ўсімі слаямі грамадзтва ВКЛ. Для простых людзей – сялян і гараджан – гэта была вайна двух чужых народаў. Пра гэта сьведчаць партызанцкія дзеяньні беларускіх сялян, якія нападалі ў лясах і на французаў, і на расейцаў, тым больш, што форма ў іх была амаль аднолькавая, рабавалі іх і адны, і другія. Напалеон падчас паездкі зь Вільні ў Полацк у адной з вёсак запытаўся ў адной сялянкі: “Вы хацелі б, каб хто перамог – французы ці рускія?”. Падумала бабуля ды адказала: “Я б хацела, каб французы пагналі рускіх, дый так пагналі, каб і самі сюды ніколі не вярталіся”. Так адносіліся простыя людзі. А шляхта ВКЛ разьлічвала, што французы дадуць хаця б нейкую незалежнасьць у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Але гэта была не дзяржава, а толькі сыстэма забесьпячэньня французкай арміі. Так што нашыя эліты нічога ня выйгралі. Можа, было мала часу й гэты часовы створаны ўрад ВКЛ нічога ня мог зрабіць.

Тым ня менш, нешта ўсё ж такі беларусы атрымалі дзякуючы вайне Францыі з Расеяй. Іх слоўнікавы запас папоўніўся новым словам – шарамыга, што паходзіць ад французкага слова sher ami – дарагі сябар. Але людзкія страты былі агромныя. Беларусы страцілі каля 800 тыс. насельніцтва, і гэта была тым большая трагедыя беларускага народа, што часам прыходзілася страляць у свайго брата.

В. Голубеў: Французы заходзілі ў сялянскія хаты й зьвярталіся да людзей культурна “Шэр амі”. Пасьля гэтых падзей у нас застаўся “шарамыга” як чалавек, які блукае, галодны, босы, нечага просіць. Калі казаць пра людзкія страты, то дакладна іх цяжка падлічыць, але гэта было больш за 500 тыс. чалавек. У 1811 г. на тэрыторыі Беларусі было 3 млн. 800 тыс., а ў 1835 – 3 млн. 300 тыс. Беларусы страцілі таксама больш за 50% цяглавай і прадуктыўнай жывёлы, у выніку чаго значна скараціўся засеў. За паўгоду па нашай тэрыторыі туды-назад прайшлі два вялікія войскі, якія карміліся за кошт нашых людзей. На Барадзінскім полі беларусы былі і з аднаго боку, і з другога, яны стралялі адны ў другіх, адстойваючы зусім не беларускія інтарэсы.

А што магло б здарыцца, калі б французы не пацярпелі паразы ў вайне з расейцамі? Магчыма, ужо тады паўстала б дзяржава Беларусь, паколькі такія пляны былі ў Напалеона.

В. Голубеў: Ён зьбіраўся стварыць паміж Польшчай і Расеяй дзьве дзяржавы – адну са сталіцай у Вільні – аўтаномнае Вялікае Княства Літоўскае, і буфэрную дзяржаву на тэрыторыі Магілёўшчыны, часткова Віцебшчыны й Гомельшчыны пад назваю Беларусь. Тое, што потым бальшавікі стваралі – Літ-Бел. Усе палітыкі стараюцца нас выкарыстаць толькі як тэрыторыю для ажыцьцяўленьня сваіх палітычных плянаў.

А што было б, калі б Напалеон Банапарт перамог у вайне? На думку Валянціна Голубева, адразу было б адменена прыгоннае права, Расея й Беларусь усталі б на шлях буржуазнага разьвіцьця. У такой краіне намнога прасьцей бы вырашаліся нацыянальныя й аграрныя пытаньні. Магчыма, быў бы таксама штуршок для разьвіцьця дэмакратыі. Так што беларусы не павінны сьвяткаваць выгнаньня Напалеона, а толькі аб’ектыўна разважаць пра вайну французаў з расейцамі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт