У чацьвер на штогадовай канфэрэнцыі абмяркоўвалася праца ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна 2007-2013. У польскі горад Казімеж Дольны прыехалі прадстаўнікі трох краін, якіх датычыць праграма, каб абмеркаваць дасягнутае ды прыняць пляны на бліжэйшы час. А якія карысьці дае праграма жыхарам Польшчы, Беларусі ды Ўкраіны?
Гэта праграма Эўрапейскага Зьвязу, якая ставіць за мэту падтрымку разьвіцьця памежных тэрыторый. Зацікаўленыя асобы могуць падаваць заявы на атрыманьне сродкаў на рэалізацыю нейкай задумы, якая месьціцца ў рамках задачаў праграмы й атрымаць да 90% коштаў з бюджэту ЭЗ. Адна з умоваў – у праекце павінны ўдзельнічаць суб’екты з як мінімум дзьвюх дзяржаваў, - гаворыць прадстаўнік польскага офісу праграмы Анджэй Слодкі.
А. Слодкі: Суседнія рэгіёны могуць разам вырашаць розныя праблемы. Разам прасьцей, можна выкарыстаць досьвед суседа. У якасьці прыкладу я прывяду супрацоўніцтва шпіталёў у Беластоку й Гарадзенскай вобласьці, якія разам праводзяць дасьледваньні за сродкі Эўразьвязу, дзякуючы чаму могуць ашчадзіць нямала грошай. У кожным транспамежным праекце павінен быць партнэр з дзяржавы ЭЗ, у дадзеным выпадку з Польшчы, і партнэр зь Беларусі або Ўкраіны.
Калі праект будзе адобраны камісіяй, то яго аўтары атрымліваюць да 90% выдаткаў з бюджэту праграмы, рэшта - гэта ўласныя сродкі. Грошы ідуць на самыя розныя задачы, але ёсьць тры прыярытэты.
А. Слодкі: Першы прыярытэт – павышэньне канкурэнтназдольнасьці памежных рэгіёнаў. Праўда, у праекце ня могуць удзельнічаць камэрцыйныя структуры, але мясцовыя ўлады могуць прадпрымаць крокі з мэтаю паляпшэньня працы прадпрымальнікаў. Мы падтрымліваем таксама разьвіцьцё турызму. Прыклад – Белавеская пушча, якая сама па сабе зьяўляецца транспамежным аб’ектам. Другі прыярытэт – ахова навакольнага асяродзьдзя. Асобная тэма – паляпшэньня ўмоваў на памежных пераходах. І трэці прыярытэт – пашырэньне міжчалавечых кантактаў на лякальным узроўні. Розныя ідэі ў напрамку разьвіцьця культуры, адукацыі, навукі могуць атрымаць падтрымку ў рамках гэтай праграмы.
А вось што Пра праграму Трансгранічнага супрацоўніутва Польшча-Беларусь-Украіна сказаў нам прадстаўнік зь беларускага боку Максім Алданаў, кіраўнік Сумеснага тэхнічнага сакратарыяту ў Берасьці.
М. Алданаў: Мы аказваем падтрымку партнэрам і бэнэфіцыярам па праграме Польшча-Беларусь-Украіна на беларускай тэрыторыі, на тэтырыторыі чатырох вобласьцяў. Праграма фінансуецца Эўрапейскім Зьвязам, аб’яўляюцца конкурсы набораў, якія могуць падаваць тры краіны, пазьней зьбіраецца сумесны маніторынгавы камітэт і адбірае найлепшыя праекты і фінансуе 90% коштаў.
На якія праекты ідуць пераважна сродкі ў Беларусі?
М. Алданаў: Удзельнічаюць толькі некамэрцыйныя арганізацыі. Гэта шпіталі, НДА, могуць быць таксама ворганы ўлады. З канкрэтных прыкладаў – цяпер рэалізуецца праект па рэканструкцыі й мадэрнізацыі цэнтру для дзяцей з абмежаванымі магчымасьцямі ў Камянцы. Паралельна адбылася мадэрнізацыя ў горадзе Гайнаўка ў Польшчы, паколькі ў кожным праекце павінна быць польска-беларускае, польска-украінскае або трохбаковае партнэрства. Гарадзенскі абласны шпіталь набывае кардыялягічнае абсталяваньне й тэхніку для мамалёгіі – выяўленьня ракаў на раньніх стадыях. Прычым сума праектаў можа дасягаць 3 млн. эўра.
Паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю ня вельмі цёплыя адносіны. Ці гэта не перашкаджае атрымліваць падтрымку?
М. Алданаў: Гэта два паралельныя курсы. Калі з боку палітыкі могуць узьнікаць нейкія пытаньні паміж дзьвюмя краінамі, то для нашай праграмы бачная падтрымка ўладаў і з боку Польшчы, і з боку Беларусі. Так што гэта абсалютна не перашкода.
Анджэй Слодкі таксама адзначае, што на ўзроўні людзей няма перашкодаў для супрацы паміж Польшчай ды Беларусяй, ёсьць толькі разыходжаньні ў заканадаўстве, якія часам перашкаджаюць ажыцьцяўляць сумесныя праекты.
А. Слодкі: Прадстаўнікі як цэнтральных, так і мясцовых уладаў заўсёды ахвотна бяруць удзел у сустрэчах, на якіх абмяркоўваюцца сумесныя паректы. Аднак праекты зь беларускага боку неабходна рэгістраваць, што зьяўляецца пэўнай перашкодай. Але беларускія ўлады абяцаюць, што працэдура рэгістрацыі такіх праектаў будзе максымальна спрошчана, паколькі ўлады Беларусі бачаць рэальную карысьць, якую прыносіць праграма жыхарам краіны.
Бюджэт Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна складае амаль 38 млн. эўра. Гэтыя грошы ідуць на паляпшэньне якасьці жыцьця жыхароў памежных рэгіёнаў трох краін.
нг