Logo Polskiego Radia
Print

Алькагалізм у Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.08.2012 13:48
“Gazeta Wyborcza”: чаму п'юць беларусы ( у год у сярэднім 15,13 літра сьпірту).

/

“Урокі цьвярозасьці па-беларуску” – выданьне “Gazeta Wyborcza” піша пра новыя спосабы барацьбы з алькагалізмам у Беларусі. Гэта, між іншым, забарона прадаваць алькаголь залежным ад яго асобам, а таксама назіраньне за п’яніцамі на працоўным месцы. Гэта ня першыя спробы адбіць у беларусаў ахвоту піць. Былі ўжо “цьвярозыя дні”, было высыланьне алькаголікаў на лячэньне ў працоўныя лягеры. А цяпер мясцовыя ўлады прыдумваюць усё новыя мэтады. Напрыклад, забарона продажу ўзалежненым асобам. У крамы высылаюць здымкі п’яніцаў з даручэньнем не прадаваць ім сьпіртныя напоі. А ўлады Пінска прыдумалі іншы спосаб - на працоўным месцы за алькаголікам сочыць яго калега або чыноўнік. Кантралюе, ці ня п’е й распавядае пра шкоднасьць гэтай дрэннай звычкі. У некаторых школах адбываюцца ўрокі цьвярозасьці, а дзе-нідзе ў калгасах немагчыма купіць алькаголь перад поўднем падчас збору ўраджаю, каб трактарысты не сьпіваліся на працы.

Дасьледваньні Акадэміі навук Беларусі паказваюць, што людзі ў краіне п’юць пераважна ў выніку нізкага ўзроўню жыцьця ды з-за таго, што ня маюць магчымасьці цікава правесьці час. Паводле падлікаў Сусьветнай арганізацыі здароўя, у мінулым годзе кожны беларус спажыў 15,13 літра чыстага сьпірту, у выніку Беларусь трапіла на высокае - 10 месца сярод усіх краінаў сьвету. А сытуацыя з кожным годам пагаршаецца – за апошнія 30 гадоў колькасьць спажыванага алькаголю вырасла ў два разы. Паводле афіцыйных дадзеных, у краіне амаль 190 тысяч алькаголікаў, але гэта толькі малая частка ўсіх хворых, паколькі ў спісак трапляюць толькі тыя, хто быў затрыманы міліцыяй у нецьвярозым выглядзе й накіраваны да лекара на абсьледваньне.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт