“Брусэль махае Лукашэнку пальцам, але зарабляе зь ім гіганцкія грошы”
PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic
08.06.2012 12:26
Rzeczpospolita апублікавала вялікае інтэрвію з кіраўніком “Свабоднага тэатру” Мікалаем Халезіным.
9 чэрвеня ў Тэатры Польскім у Варшаве адбудзецца прэм’ера спэктаклю “Час жанчын” менскага Свабоднага тэатру. Наведаць пастаноўку ў польскай сталіцы запрашаюць шматлікія рэклямы ва ўсім горадзе.
У Варшаве ўжо прайшло некалькі рэпэтыцыяў актораў. Пры нагодзе адной зь іх штодзёнка Rzeczpospolita сустрэлася з кіраўніком апальнага Свабоднага тэатру Мікалаем Халехіным.
У інтэрвію Халезін распавёў пра свае ўцёкі зь Беларусі пасьля выбараў 19 сьнежня. “Гэта сталася за 20 хвілінаў да Новага году. Мы пастанавілі ўцякаць машынай. За стырном была жонка, а я ляжаў на падлозе накрыты коўдраю. Нада мною сядзяла дачка. Нас ўратавала тое, што КДБ і міліцыя сьвяткавалі Новы год” – распавёў Халезін.
Сёньня Мікалай Халезін і яго жонка Натальля Каляда, акрамя працы ў Свабодным тэатры, зьяўляюцца кансультантамі Дзярждэпартамэнту ЗША й Міністэрства замежных справаў Вялікабрытаніі.
Лукашэнку Халезін называе шахідам альбо палітычным самагубцам. “Калі яго зьвергнуць, то толькі ягоныя паплечнікі, якія кантраляюць грашовыя плыні. А гэта мільярды! Яны ад іх не адмовяцца, бо самі шмат гадоў будавалі гэтую сыстэма” – лічыць Мікалай Халезін.
Ён перакананы, што ў Лукашэнкі ёсьць сваё лобі нават у ЭЗ і прыводзіць статыстыку: летась гандлёвы абарот паміж Беларсьсю й ЭЗ павялічыўся на 70%. “Брусэль нібыта махае Лукашэнку пальцам, але насамрэч зарабляе на ім гіганцкія грошы. Найбольш зарабляюць Летува й Латвія, якія карыстаюцца сваім транзытным становішчам і доступам да мора” – працягвае Халезін. На яго думку, калі б летась Эўропа ўвяла эканамічныя санкцыі супраць рэжыму, то ў выніку крызысу дыктатар мог быць зрынуты.
“Але так не сталася – канстатуе Халезін, - замест гэтага яму дапамаглі кароткатэрміновымі крэдытамі з-за чаго запазычанасьць Беларусі складае сёньня 60% ВУП”.
Спэкталь “Час жанчын” зь якім Свабодны тэатр прыехаў у Варшаву распавядае пра гісторыі беларускіх жанчын пазбаўленых сваіх мужоў і бацькаў – арыштаваных альбо забітых рэжымам Лукашэнкі, дадае Rzeczpospolita.
дг