Дэпутаты ЭП заклікаюць памілаваць Канавалава й Кавалёва
PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz
27.01.2012 13:01
Чальцы падкамітэта па правох чалавека рашуча асудзілі пастанову Вярхоўнага суда Беларусі.
Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікаюць Лукашэнку захаваць жыцьцё Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву, а таксама ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.
Чальцы падкамітэта па правох чалавека - дэпутатка ад Летувы Лайма Андрыкене й славацкі эўрадэпутат Эдуард Кукан у сумеснай заяве рашуча асудзілі пастанову Вярхоўнага суда Беларусі, які прыгаварыў Канавалава й Кавалёва да сьмерці.
„Віна гэтых двух маладых людзей не была даказана, і нават у сваякоў ахвяраў ёсьць сур'ёзныя сумневы, што гэтыя людзі віноўныя ў зьдзяйсьненьні гэтага злачынства ", заявілі дэпутаты, зазначыўшы, што існуе небясьпека прывядзеньня прысуду ў выкананьне без усялякага папярэджаньня.
Эўрадэпутаты зазначылі, што памілаваньне Канавалава й Кавалёва можа быць першым крокам на шляху палітычных рэформаў, пра якія нядаўна заяўляў Лукашэнка.
„Палітычныя рэформы павінны пачацца ад адмены сьмяротнага пакараньня і ўвядзеньня мараторыя на выкананьне сьмяротных прысудаў,” - падкрэсьлілі ў сумеснай заяве Лайма Андрыкене й Эдуард Кукан.
кр/eppgroup.eu