А. Цімашэнкa прoсіць прытулку ў Чэхіі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
06.01.2012 11:00
51-гадовы бізнэсовец Аляксандар Цімашэнка ніколі актыўна не займаўся палітыкай.
Муж былой кіраўнічкі ўраду Ўкраіны Юліі Цімашэнкі, які цяпер знаходзіцца ў Чэхіі, папрасіў палітычнага прытулку ў гэтай краіне. Паводле чэскіх СМІ, адпаведны зварот Аляксандар Цімашэнка падаў напрыканцы 2011 году.
Паводле журналістаў, міністар унутраных справаў Чэхіі Ян Кубіцэ ў сераду абмяркоўваў гэтае пытаньне зь міністрам замежных справаў Карлам Шварцэнбэргам. У ацэнцы камэнтатараў, зварот украінскага бізнэсоўца наконт палітычнага прытулку хутчэй за ўсё будзе задаволены.
51-гадовы бізнэсовец Аляксандар Цімашэнка ніколі актыўна не займаўся палітыкай.
Год таму Чэхія дала палітычны прытулак былому міністру эканомікі ва ўрадзе Цімашэнкі Багдану Данілішыну, што прывяло да ахалоджаньня ў адносінах паміж афіцыйнай Прагай і Кіевам.
Нагадаем, Юлію Цімашэнку прысудзілі да сямі гадоў пазбаўленьня волі — паводле абвінавачаньня ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых кантрактаў з Расеяй на 2009 год. Украінская апазыцыя й заходнія краіны называюць гэты прысуд палітычна матываваным.
аз