Logo Polskiego Radia
Print

Ці хацелі пілёты Ту-154 сесьці любой цаной?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 04.08.2011 16:08
Задаецца пытаньнем газэта „Rzeczpospolita”.

Fot.
Fot. Tadeusz Brodalka

МАК і польская ўрадавая камісія маюць супрацьлеглыя меркаваньні наконт паводзінаў пілётаў, якія прывялі да катастрофы.

Расейскі бок сьцьвярджае, што пілёты прэзыдэнцкага борту цьвёрда вырашылі садзіцца, не зважаючы на нулявую бачнасьць. Польская камісія Мілера перакананая, што яны вырашылі пайсьці на другі заход, але проста не пасьпелі гэта зрабіць. Ніводны з бакоў ня мае неаспрэчных доказаў сваёй гіпотэзы.

За 14 сэкундаў да падзеньня капітан Ту-154 даў загад “Адыходзім на другі круг”. “Адыходзім” – пацьвердзіў яго калега. Аднак Ту-154 на працягу пяці сэкунд надалей набліжаўся да зямлі. Толькі пасьля гэтага пілёт рэзка пацягнуў штурвал на сябе, аднак ўратаваць самалёт ужо было немагчыма. Польскія экспэрты лічаць, што на працягу гэтых ракавых пяці сэкундаў пілёты націснулі на кнопку “ўход”. Яны ня ведалі, аднак, што аўтапілёт не спрацуе на смаленскім аэрадроме, які ня мае радыёмаяковай сыстэмы заходу на пасадку.

Экспэрты з СНД у сваю чаргу сьцьвярджаюць, што капітан прэзыдэнцкага борту сапраўды зьбіраўся адыходзіць, але паддаўся націскам галоўнакамандуючага ваенна-паветраных сілаў Польшчы генэрала Бласіка, які насуперак правілам прысутнічаў у кабіне. Пілёт быў канфармістам і падпарадкаваўся загаду генэрала садзіцца – сьцьвярджае МАК.

„Rzeczpospolita”/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт