Прэзыдэнт Польшчы наведае Google і YouTube
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
16.06.2019 18:25
17 чэрвеня прэзыдэнт Польшчы сустрэнецца з кіраўнікамі карпарацый з Сыліконавай даліны.
Фотa: pixabay.com
У нядзелю прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда наведаў Каліфорнію, дзе ў горадзе Сан-Хасэ сустрэўся з прадстаўнікамі польскай абшчыны.
У панядзелак у Сан-Францыска прэзыдэнт Польшчы сустрэнецца з высокапастаўленымі прадстаўнікамі карпарацый з Сыліконавай даліны. У Мэнла-Парку Анджэй Дуда адкрые польска-амэрыканскі форум новых тэхналёгій.
Прэзыдэнт Польшчы таксама наведае штаб-кватэру карпарацыі Google, дзе сустрэнецца з кіраўніком YouTube С'юзан Вайціцкі і старшым віцэ-прэзыдэнтам Google па міжнародных адносінах Кентам Уолкерам. Анджэй Дуда таксама сустрэнецца з польскімі інжынерамі, якія працуюць у карпарацыі Google.
Прэзыдэнт Польшчы лічыць, што ў цяперашні час Злучаныя Штаты Амэрыкі зьяўляюцца адным з тых месц у сьвеце, дзе сучасныя тэхналёгіі разьвіваюцца хутчэй за ўсё: «Адсюль наша прысутнасьць тут, адсюль цікавасьць і мая падтрымка польскіх кампаній, больш буйных і польскіх стартапаў з мэтай супрацоўніцтва з амэрыканскімі арганізацыямі, прысутнасьці на гэтым рынку і выкарыстаньня ўсіх інавацый, якія зьяўляюцца тут. З другога боку, мы зацікаўлены ў тым, каб польскія кампаніі выступалі з уласнымі прапановамі».
Паводле слоў Анджэя Дуды, «у Польшчы надзвычай таленавітыя, разумныя людзі, вельмі добра падрыхтаваныя — часьцей за ўсё ў польскіх унівэрсытэтах — маладыя інжынеры, якія прапануюць вельмі сьвежыя тэхнічныя ідэі, дзе б яны ні былі ў сьвеце».
PAP/вк