Беларусы ў Летуве зладзяць пратэст супраць астравецкай АЭС
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
21.05.2019 09:20
"Мы ня хочам іншы Чарнобыль за 40 км ад Вільні" - заяўляе Таварыства беларускай культуры ў Летуве.
Ілюстрацыйны здымакFoto: Wikipedia/Stefan Kühn/CC BY-SA 3.0
Таварыства беларускай культуры ў Летуве 1 чэрвеня ладзіць у Вільні пратэст супраць Астравецкай атамнай электрастанцыі. Як адзначаюць арганізатары, пратэст дазволены гарадзкімі ўладамі.
На старонцы Таварыства беларускай культуры ў Летуве гаворыцца:
«Мы супраць Астравецкай атамнай станцыі. Мы ня хочам іншы Чарнобыль за 40 км ад Вільні. Вось чаму мы выйдзем яшчэ раз на вуліцы Вільні ў акцыі, якая прымусіць вас ўспомніць, чым быў Чарнобыль. Вільня — гэта не мёртвы горад Прыпяць. Так?»
Праект Беларускай АЭС, якая будуецца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі, ад самага пачатку яго рэалізацыі выклікаў жорсткую крытыку Летувы. У 2017 годзе літоўскі сойм прыняў закон, згодна зь якім БелАЭС прызнана пагрозай нацыянальнай бясьпецы краіны. Летувіскі ўрад ня мае намеру купляць электраэнэргію з атамнай станцыі і плянуе перашкаджаць спробам экспарту электраэнэргіі зь БелАЭС ў Эўразьвяз.
7 траўня прэзыдэнтка Летувы Даля Грыбаўскайце заявіла, што супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў той час, калі рыхтуецца да запуску Астравецкая АЭС, немагчымае. Паколькі такім чынам Летува прызнала б законнасьць гэтай электрастанцыі і страціла б магчымасьць патрабаваць яе закрыцьця.
svaboda.org/яс