Ці неабходна ўспрымаць сур'ёзна тэорыю змовы дарадчыка Пуціна?
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
10.05.2019 14:10
С. Глазьеў заявіў, што новаабраны прэзыдэнт Украіны можа выселіць з Данбасу расейцаў і перасяліць туды жыхароў Ізраіля.
youtube.com/screen
Тэорыі загавору неабходна ўспрымаць усур’ёз – чытаем у выданьні «Gazeta Wyborcza». Гаворка ідзе пра заяву дарадчыка Ўладзіміра Пуціна Сяргея Глазьева, які выказаў меркаваньне некалькі дзён таму, што новаабраны прэзыдэнт Украіны можа выселіць з Данбасу расейцаў і перасяліць туды жыхароў Ізраіля, стомленых вайной на Блізкім Усходзе.
Ізраільскі МЗС выслаў афіцыйную ноту пратэсту, Крэмль напісаў, што заява Глазьева прадстаўляе яго прыватныя погляды, а прэзыдэнт Зяленскі захаваў маўчаньне. Дзіўна аднак тое, што хтосьці агулам сур’ёзна ўспрыняў заяву дарадчыка Пуціна. Зразумела, што ўкраінскія ўлады ня маюць плянаў перасяленьня расейцаў з Данбасу, хаця б таму, што яны не зьбіраюцца ўступаць у канфрантацыю з магутнай Расеяй, якая не дазволіла б такія пляны ажыцьцявіць. Гэта ўсім зразумела, акрамя расейцаў з Данбасу. Калі ўкраінцы лічаць сябе меншым і слабейшым народам, ахвярай расейскай агрэсіі, то данбаскія расейцы наадварот мяркуюць, што яны сталі ахвярай украінцаў.
На фоне данбаскай публіцыстыкі заявы Глазьева здаюцца ўжо менш экзатычнымі. Дарэчы, падобнае ўяўленьне аб сьвеце назіраецца ў канфлікце паміж габрэямі і арабамі. Калі палестынцы ды ізраільскія арабы правільна лічаць сябе ахвярай габрэйскай большасьці, дык ізраільскія габрэі ў сваю чаргу мяркуюць, што Ізраіль – гэта маленькі астравок у вялізным арабскім сьвеце. Калі большасьць бачыць сябе як меншасьць, вельмі цяжка яе пераканаць, што гэта інакш. Забойца мусульман у Новай Зэляндыі забіваў, каб выразіць пратэст супраць пасяленьня мусульман у Францыю, тэрарысты-сьмяротнікі са Шры-Ланкі таксама б напэўна казалі пра цяжкі лёс мусульман на высьпе, калі б засталіся ў жывых.
Неабходна ставіцца сур’ёзна да словаў аб розных загаворах, якія здаюцца поўнай лухтой. Гэта, канешне, не інфармацыя пра рэальны сьвет, а пра тое, як хтосьці гэты сьвет бачыць. Асабліва тады, калі, баючыся за ўласнае жыцьцё, гэты хтосьці гатоў забіваць іншых.
Gazeta Wyborcza/нг