Архітэктар: "Сабор Нотр-Дам знаходзіцца ў трагічным стане, гэта руіна"
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
24.04.2019 15:57
На думку адных, гэта воля божая, на думку іншых, справа д’ябла.
PAP/EPA/CHRISTOPHE PETIT TESSON
У выданьні «Gаzeta Wyborcza» інтэрвію з францускім архітэктарам Франсуа Шатыёнам (Francois Chatillon) пра катэдру Нотр-Дам. Нагадаем, парыскі касьцёл сур’ёзна пацярпеў ад пажару на мінулым тыдні.
Па словах Шатыёна, катэдра знаходзіцца ў трагічным стане, гэта насамрэч руіна, нельга сказаць, што згарэў толькі дах. Пажар зьнішчыў стабільнасьць усяго будынку, паколькі ў гатычным стылі так будавалі, што кожны камень іншы, калі адзін пашкоджаны, то пакутуе ўся канструкцыя. Цяпер патрэбны час і дакладны аналіз, ці ўдасца выратаваць катэдру.
Ці гэтую катастрофу можна было прадухіліць? На думку адных, гэта воля божая, на думку іншых, справа д’ябла, – кажа француз. Атмасфэра вакол пажару – гэта нейкае шаленства, а на самой справе гэта быў трагічны выпадак. Людзі аднак любяць шукаць вінаватых, хаця вядома, што гэта не было падпал. Архітэктар кажа, што дэбаты на тэму адбудовы катэдральнага сабору моцна палітызаваныя. На ягоную думку, патрэбны больш шырокі кантэкст – абмеркаваньне будучыні Эўропы. Ці сапраўды Нотр Дам павінен быў згарэць, каб людзі зразумелі, наколькі важны для іх гэты сабор. Неабходная дыскусія, што сучасныя людзі хацелі б перадаць будучым пакаленьням, задумацца, якія думкі гэтае здарэньне выклікае ў грамадзтве – кажа Франсуа Шатыён.
У сваю чаргу Марэк Мігальскі ў выданьні «Rzeczpospolita» крытыкуе стаўленьне шматлікіх польскіх публіцыстаў, якія ахвотна шукаюць у парыскім пажары сымболіку францускага атэізму. Аўтара артыкулу непакоіць экзальтацыя, з якой многія камэнтуюць падзею. Замест таго, каб спакойна, без эмоцый аналізаваць рэчаіснасьць, яны прыдумваюць усё больш недарэчныя параўнаньні ды паралелі, – мяркуе аўтар.
Gаzeta Wyborcza/Rzeczpospolita/нг