Logo Polskiego Radia
Print

„Крымская салідарнасьць” просіць дапамогі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.04.2019 20:07
Арганізацыя зьвяртае ўвагу на перасьлед незалежных журналістаў на анэксаванай Расеяй паўвысьпе.
pixabay.com/Public Domain CC0


На анэксаваным Расеяй Крыме працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзян, якія ідэнтыфікуюць сябе з Украінай. Новая ўлада зьнішчае свабоду слова й любую крытыку на яе адрас. Цяпер пад люпай апынуліся актывісты „Крымскай салідарнасьці”, якіх расейскія ўлады арыштавалі па абвінавачваньні ў тэрарызьме.

У сераду арганізацыя зьвярнулася да замежных СМІ і праваабарончых арганізацый з просьбай зьвярнуць увагу на перасьлед незалежных журналістаў на анэксаванай Расеяй паўвысьпе.

27 і 28 сакавіка акруговай суд у Сімфэропалі прыняў рашэньне аб арышце 23 татараў. Іх абвінавачваюць у прыналежнасьці да забароненай у Расеі Партыі ісламскага адраджэньня (Хізб ут-Тахрыр). Затрыманым пагражае ад 10 да 20 гадоў турмы й ад 500 тысяч да мільёна рублёў штрафу.

Большасьць арыштаваных - гэта актывістаў „Крымскай салідарнасьці”- арганізацыі, якая была заснаваная ў 2016 годзе з мэтай падтрымкі сем'яў рэпрэсаваных крымскіх татараў.

У рамках арганізацыі працуе таксама сетка гэтак званых стрымэраў, якія запісваюць мабільнымі тэлефонамі падзеі, зьвязаныя з палітычнымі вязьнямі й выпадкамі парушэньня правоў чалавека з боку ўладаў Крыма.

У апублікаванай на Фэйсбуку заяве, чытаем, што затрыманыя актывісты выконвалі таксама функцыю грамадзянскіх журналістаў, а іх відэаролікі й паведамленьні ў сацсетках часта зьяўляюцца адзінай крыніцай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Крыме.

Аўтары закліку прапануюць даць актывістам статус сябраў міжнародных журналісцкіх арганізацый і прызнаць рэпрэсіі супраць іх нападамі на журналістаў.

Актывісты таксама зьвярнуліся з просьбай выкарыстаць усе магчымыя мэханізмы для абароны журналістаў і заклікалі да пратэстаў супраць перасьледу людзей, якія паведамляюць пра тое, што адбываецца на анэксаваным Крыме.

niezalezna.pl/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт