Logo Polskiego Radia
Print

Тэракт у Новай Зэляндыі - памерла чарговая ахвяра (50-ая)

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.03.2019 13:47
Тэракт - гэта прыклад тэрору, на які многія людзі на Захадзе не зьвяртаюць увагі.
Праваслаўныя вернікі ў Пакістане запальваюць сьвечкі ў памяць пра ахвярПраваслаўныя вернікі ў Пакістане запальваюць сьвечкі ў памяць пра ахвярPAP/EPA/SHAHZAIB AKBER

У нядзелю памерла чарговая ахвяра тэракту ў новазэляндзкім горадзе Крайстчэрч. Такім чынам колькасьць сьмяротных ахвяр нападзеньня на мячэці вырасла да 50 – піша «Rzeczpospolita». Гэта самае крывавае злачынства ў гісторыі краіны, і пры гэтым прыклад тэрору, на які многія людзі на Захадзе не зьвяртаюць увагі. Злачынства зьдзейсьніў белы чалавек, яно было накіраванае супраць мусульман, ісламістаў, якіх многія лічаць цывілізацыйнай пагрозай. Частка СМІ нават не карыстаецца словам «тэрарызм», а піша пра масавае забойства. Тэрарыст вёў прамую трансьляцыю сваёй атакі ў сацсетках. Фэйсбук да суботы зьліквідаваў 1,5 млн. запісаў, распаўсюджаных карыстальнікамі інтэрнэту.

Падзеі ў Новай Зэляндыі перш за ўсё дасканала ілюструюць, якім цудоўным грунтам для шаленства чалавека стала тэхналёгія – камэнтуе ў выданьні Багуслаў Хработа. 27-гадовы Брэндан Тарант сьпярша ў думках заплянаваў, а пазьней зьдзейсьніў атаку з поўным выкарыстаньнем усіх даступных сродкаў перадачы інфармацыі. Такіх, дарэчы, якія мае амаль кожны з нас.

Тэрарыст мог забіваць з поўным перакананьнем, што робіць гэта на вачах усяго сьвету. І сапраўды ён быў блізкі да гэтага «ідэалу». Ці ён зрабіў бы гэта, калі б ня мог разьлічваць на публіку? Невядома. Ці вінаватая тэхналёгія? Не, бо спакон вякоў людзі забівалі, чым толькі маглі. Зло ёсьць у чалавеку. Тым ня менш, вельмі важныя абмежаваньні ў доступе да зброі, каб яна ня стала інструмэнтам у руках вар’ята, але нельга ж адабраць у людзей тэлефоны. Патрэбнае зусім новае заканадаўства, якое дазволіць прадухіліць падобныя злачынствы. Таму вельмі істотная барацьба з мовай нянавісьці, а поўная свабода ў інтэрнэце – гэта ўтопія.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт