Logo Polskiego Radia
Print

Колькасьць памерлых расейцаў на 350 тыс. перавысіла лічбу нованароджаных

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.03.2019 15:05
Тым часам колькасьць грамадзян павялічылася са 142 да 146 млн. чалавек. Цуд?
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Расея шукае новых грамадзян – піша «Rzeczpospolita». Паводле статыстычных дадзеных, на працягу апошніх двух гадоў колькасьць памерлых грамадзян Расеі на 350 тыс. перавысіла лічбу нованароджаных. За гэты ж пэрыяд было зроблена больш за 1 млн. 100 тыс. абортаў. Тым часам колькасьць грамадзян павялічылася са 142 да 146 млн. чалавек. Цуд? Не, гаворка ідзе пра анэксію часткі тэрыторый суседніх краін, між іншым Крыму. Аднак прычына ня толькі ў гэтым.

У інфармацыі, зьмешчанай на сайце Крамля паведамляецца, што ў гадах 2012-2017 расейскае грамадзянства атрымала звыш аднаго мільёна чалавек. Прыкладна палова з іх скарысталася дзяржаўнай праграмай «Соотечественник» і пераехала ў Расею з-за мяжы. Тым часам у прэзыдэнцкай праграме прадугледжваецца, што за бліжэйшыя 6 гадоў ад 5 да 10 млн. жыхароў былых савецкіх рэспублік атрымае расейскае грамадзянства. Пра пляны паведаміла ў чацьвер штодзённае выданьне «Камерсант».

Гаворка ідзе перш за ўсё пра Ўкраіну, але таксама Казахстан, Узбэкістан, Малдову. Міграцыйная праграма прадугледжвае, што новыя грамадзяне заселяць галоўным чынам тыя рэгіёны, дзе назіраецца дэмаграфічны крызіс. Гаворка ідзе перш за ўсё пра Далёкі Ўсход. Новым жыхарам улады абяцаюць кватэру і фінансавую дапамогу на пачатак новага жыцьця. У Крамлі мяркуюць, што чарга па расейскае грамадзянства падоўжыцца, калі пад канец сакавіка пачне дзейнічаць закон аб спрошчанай працэдуры атрыманьня грамадзянства. Ня трэба ўжо будзе зьбіраць кучу дакумэнтаў, дастаткова быць расейскамоўным і адчуваць сябе расейцам. Улады не скрываюць, што такім чынам яны хочуць рабіць расейцамі ў першую чарговасьць грамадзян Украіны.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт