Logo Polskiego Radia
Print

Неўзабаве пачынаюцца самыя маштабныя манэўры NATO з часоў халоднай вайны

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.10.2018 10:46
Яны дазволяць праверыць канцэпцыю татальнай абароны.
pixabay.com/Public Domain CC0

Больш за 50 тыс. жаўнераў з усіх 29 сяброўскіх дзяржаваў, а таксама Швэцыі і Фінляндыі. Тысячы ваенных машын, а таксама амэрыканскі авіяносец. Гэтак будуць выглядаць ваенныя вучэньні краін NATO Trident Juncture, якія пачынаюцца ў чацьвер 25 кастрычніка ў Нарвэгіі і на марах рэгіёну (між іншым Балтыйскім). Плян манэўраў апісвае «Dziennik Gazeta Prawna».

Гэта самыя вялікія ваенныя вучэньні NATO з таго часу, калі закончылася халодная вайна. «Яны дазволяць праверыць канцэпцыю татальнай абароны. Армія будзе блізка супрацоўнічаць з цывільнымі службамі, з паліцыяй, чыгункай, партамі, а таксама зь мясцовым бізнэсам», – кажа нарвэскі генэрал Рунэ Якабсэн (Rune Jakobsen).

У манэўрах прыме ўдзел 400 польскіх салдат, самаe вялікае прадстаўніцтва сваіх ваенных сілаў будзе мець Нямеччына – 8 тыс. жаўнераў. Прыбудзе таксама шмат вайскоўцаў з Нарвэгіі, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі. Манэўры на палігонах пачнуцца 25 кастрычніка, але падрыхтоўка да іх пачынаецца значна раней, паколькі саюзныя войскі неабходна перакінуць на месца апэрацыі. На думку аналітыка Войцеха Лёрэнца (Wojciech Lorenz) з Польскага інстытуту міжнародных спраў, высновы з гэтых вучэньняў дазволяць лепш падрыхтаваць структуру камандаваньня і сілаў саюзьнікаў да пагрозаў з боку Расеі. Манэўры на поўначы Нарвэгіі вельмі важныя з тактычнага пункту гледжаньня, паколькі гэты рэгіён дазваляе назіраць за актыўнасьцю Паўночнага флёту, які зьяўляецца самым магутным зьвяном расейскіх ваенна-марскіх сілаў. Дарэчы, ледзьве некалькі тыдняў таму закончыліся вельмі магутныя расейскія вучэньні Усход-18.

Па словах Анджэя Вілька (Andrzej Wilk) з Цэнтра ўсходніх дасьледаваньняў, як мінімум з 2013 году расейская армія знаходзіцца ў стане пастаяннай падрыхтоўкі да вайны. «Адкрытым застаецца пытаньне, калі маскоўскія ўлады зноў адчуюць патрэбу ўзброенага вырашэньня праблемы, з якой яны не спраўляюцца іншымі спосабамі, а таксама – дзе гэта адбудзецца», – дадае Вільк.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт