Logo Polskiego Radia
Print

Летува легалізавала мэдычную марыхуану

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 11.10.2018 18:01
За прыняцьцё дадзенага рашэньня прагаласавала большасьць дэпутатаў парлямэнту.
Foto: pixabay.com/CC0

Ініцыятарам легалізацыі мэдычнай марыхуаны быў дэпутат Мыколас Маяўскас з кансэрватыўнай партыі "Саюз Айчыны - Летувіскія хрысьціянскія дэмакраты".

Дэпутат назваў прынятае парлямэнтам рашэньне гістарычным. «Летува далучылася да групы тых краін Эўрапейскага Зьвязу, якія хочуць забясьпечыць як мага лепшае лячэньне для хворых у крытычным стане», - зазначыў Маяўскас. Дэпутат нагадаў, што мэдычная марыхуана выкарыстоўваецца пры лячэньні рака, расьсеянага склерозу і СНІДу. Дэпутату спатрэбіўся год, каб пераканаць іншых парлямэнтароў Летувы ў тым, што марыхуана памылкова асацыюецца з наркотыкамі ды стымулятарамі.

Дэпутатка з кіроўнай партыі "Саюз фэрмэраў і Зялёных" Віргіньня Вінгрыене зазначыла, што рашэньне парлямэнта адкрывае шлях да выкарыстаньня марыхуаны ў тэрапэўтычных мэтах. Таксама ў Летуве разьлічваюць, што дадзеная расьліна спрычыніцца да пошуку вырашэньня, як зьменшыць боль пацыентаў без дапамогі хімічных рэчываў.

Мэдычная марыхуана даступная ў многіх эўрапейскіх краінах. Сярод іх Чэская Рэспубліка, Фінляндыя, Партугалія, Гішпанія, Нідэрлянды, Славэнія, Нямеччына ды Грэцыя. Летась падобнае рашэньне прынялі ў Польшчы.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт