Logo Polskiego Radia
Print

Пэдафілія ў амэрыканскім касьцёле зьяўляецца вялікім злом

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.09.2018 13:57
На працягу 70 гадоў ахвярамі 300 ксяндзоў-пэдафілаў сталі каля тысячы дзяцей.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаwww.pixabay.com

Выданьне «Sieci» піша пра тое, што ў ЗША ўжо некалькі тыдняў працягваецца скандал, зьвязаны з пэдафіліяй у каталіцкім касьцёле. Пачалося з інфармацыі пра змрочнае мінулае кардынала Тэадора Маккарыса, аднаго з найбольш уплывовых амэрыканскіх сьвятароў. Аказалася, што цягам паловы стагодзьдзя ён выкарыстоўваў у сэксуальным пляне маладых хлопцаў, між іншым згвалтаваў адзінаццацігадовага падлетка.

У сярэдзіне жніўня быў апублікаваны даклад пра пэдафілію сярод сьвятароў у Пэнсільваніі. Згодна дакумэнту, на працягу 70 гадоў ахвярамі 300 ксяндзоў-пэдафілаў сталі каля тысячы дзяцей. Паяўляецца пытаньне, як гэта было магчыма і чаму працягвалася так доўга.

Пэдафілія – гэта жудаснае зло супраць няпоўнагадовых. Удзел у гэтым каталіцкіх ксяндзоў зьяўляецца публічнай дэмаралізацыяй. Касьцёл такім чынам страчвае давер грамадзтва, адпужвае вернікаў. Праўда, у гэтым жа часе стаў вядомы даклад на тэму маштабу сэксуальнага дамагальніцтва ў амэрыканскай школе. Аказваецца, ахвяр настаўнікаў у школах ЗША было амаль у сто разоў больш, чым ахвяр ксяндзоў. Гэта паказвае, што пэдафілія зьяўляецца значна шырэйшай грамадзкай праблемай, чым здавалася раней, якая закранае многія асяродзьдзі.

Рэзанансны пэдафільскі скандал меў ужо месца ў ЗША ў 2002 годзе. Тады сьвятары пакаяліся, аб’явілі палітыку «Нуль талерантнасьці для пэдафілаў». Здавалася, што касьцёл справіцца з гэтай праблемай. А тут зноў скандал. Галоўнай прычынай вяртаньня хваробы аказаўся дрэнна пастаўлены дыягназ – піша выданьне. У згаданым раней дакладзе напісана, што 90% амэрыканскіх каталіцкіх ксяндзоў, асуджаных за пэдафілію, было гомасэксуалістамі. Гэта значыць, што пэдафільская праблема касьцёла зьяўляецца на самой справе гомасэксуальнай праблемай. Паводле розных статыстычных дадзеных, гомасэксуалы складаюць 1-2% папуляцыі. Калі на іх прыходзіцца нават 90% усіх выпадкаў пэдафіліі, то гэта азначае, што тут няма выпадковасьці. Каталіцкія публіцысты ў ЗША пішуць, касьцёл разьядае зь сярэдзіны «лявандавая мафія». На думку навукоўцаў, сярод усіх каталіцкіх сьвятароў у краіне каля адной трэцяй маюць гомасэксуальную арыентацыю.

Sieci/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт