Logo Polskiego Radia
Print

Афганістан патрабуе ад Расеі прабачэньняў

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 20.07.2018 19:41
Падчас вайны, пачатай СССР у Афганістане, загінулі да 2 млн чалавек, — напомніў расейскім дэпутатам афганскі пасол у Маскве.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com/ArmyAmber/Public Domain CC0

Афганістан патрабуе ад Расеі прабачэньняў — праз 40 гадоў пасьля савецкага ўварваньня ў краіну. У Кабуле лічаць, што менавіта тады пачаліся ўсе войны, якія дагэтуль нішчаць азіяцкую дзяржаву.

“Мы разьлічваем на тое, што кіраўнікі Расеі нейкім чынам папросяць прабачэньня ў афганскага народа”, — заявіў пасол Афганістана ў Маскве Абдул Каім Кахі падчас сустрэчы ў Дзяржаўнай Думе з дэпутатамі ад партыі Ўладзіміра Жырыноўскага.

Аднак такая заява пасла выклікала раздражненьне ў дэпутатаў. Сэнатар Уладзімір Джабараў заявіў, што пасол Афганістана павінен запатрабаваць прабачэньняў у амэрыканцаў за іх “уварваньне” ў краіну ў 2001 годзе.

Фармальна савецкая інтэрвэнцыя ў Афганістан пачалася 27 сьнежня 1979 года, калі ў Кабуле прызямліліся савецкія паветрана-дэсантныя войскі. Крамлёўскі марыянэтачны ўрад Хавізуляха Аміна некалькі разоў на працягу года прасіў Маскву аб накіраваньні рэгулярных войск. Урэшце, ахвярай Крамля стаў сам Амін. Яго замардавалі ва ўласным палацы.

Падчас дзесяцігадовай вайны ў Афганістане загінулі да 2 млн афганцаў і значная частка савецкіх салдат, — напомніў расейскім дэпутатам афганскі пасол.

На самай жа справе ніхто ня ведае, колькі ўсяго ахвяр прынесла савецкая інтэрвэнцыя. Нават невядома колькасьць савецкіх страт: яны вагаюцца ад 13 да 15 тыс. салдат, г. зн. 4 салдаты штодня гінулі ў Аўганістане.

Паводле партызанскага камандзіра Ахмада Шаха Масура, бежанцам стаў кожны трэці афганец.

У 1989 годзе апошнія савецкія аддзелы пакінулі Афганістан — падчас кіраваньня Міхаіла Гарбачова.

“Натуральна, што Расея ня будзе ні ў кога прасіць прабачэньня”, — заявіў Замір Кабулаў, з дэпартамэнта Азіі расейскага МЗС і адначасова спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Пуціна па справах Афганістана.

Афганскі пасол сьцьвярджае, што падчас вайны была зьнішчана ўся інфраструктура краіны. Расейцы яму пярэчаць: за што мы павінны прасіць прабачэньня — за дарогі, чыгунку, школы і шпіталі, якія мы пабудавалі? Расейцы дадаюць, што цяпер, калі ў Афганістане знаходзяцца амэрыканцы, у краіне па-ранейшаму адбываюцца тэрарыстычныя акты, гінуць людзі, працягваецца грамадзянская вайна і гандаль наркотыкамі.

Тым часам у Вашынгтоне занепакоены весткамі аб кантактах Масквы з талібамі, якія пануюць над большай часткай Афганістана. Амэрыка турбуецца, што Масква ўзгадняе з талібамі сумесныя дзеяньні супраць Ісламскай дзяржавы. Тым часам праамэрыканскі ўрад у Кабуле ваюе і з талібамі, і з Ісламскай дзяржавай.

Rzeczpospolita/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт