Logo Polskiego Radia
Print

Адказны за скандал у Швэдзкай акадэміі прыставаў да прынцэсы Вікторыі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 29.04.2018 12:10
Муж члена Швэдзкай акадэміі таксама згвалціў і сэксуальна выкарыстаў некалькі жанчын.
Photo: Get Bullish/flickr.com/Commercial use allowed

Мужчына, які стаў віноўнікам найбуйнейшага скандалу ў гісторыі Швэдзкай акадэміі, прыставаў да швэдзкай прынцэсы Вікторыі, – паведамляе газэта «Svenska Dagbladet», спасылаючыся на тры надзейныя крыніцы. Інцыдэнт здарыўся 12 гадоў таму.

Скандал, зьвязаны з асобай Жана-Клода Арно (Jean-Claude'a Arnault), мужа члена Швэдзкай акадэміі Катарыны Фростэнсон, выліўся ў канцы мінулага года і прывёў да адстаўкі некалькіх членаў Акадэміі. Арно, швэдзкі рэжысёр і фатограф францускага паходжаньня, быў ня толькі крыніцай уцечкі інфармацыі, зьвязанай з імёнамі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, але ён таксама згвалціў і сэксуальна выкарыстаў некалькі жанчын.

«Svenska Dagbladet» напісала на сваім сайце, што ў 2006 годзе падчас урачыстай цырымоніі ў адным з будынкаў Акадэміі, Жан-Клод Арно паклаў руку на ягадзіцы прынцэсы Вікторыі. Сярод сьведак быў яе бацька, кароль Карл XVI Густаў. Камэрдынэр адцягнуў руку мужчыны на бясьпечную адлегласьць.

Прэс-служба швэдзкай каралеўскай сямʼі адмовіліся камэнтаваць інфармацыю. Адвакат Жан-Клод Арно напісаў у лісьце да рэдактара «Svenska Dagbladet», што гэта хлусьлівая інфармацыя, мэта якой - нанесьці шкоду ягонаму кліенту».

Скандал, зьвязаны з Жан-Клод Арно зьяўляецца самым вялікім крызісам у гісторыі Швэдзкай акадэміі, якая існуе з 1786 году.

Сама Акадэмія запэўніла, што крызіс ня будзе ўплываць на выбар сёлетняга ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт