Крэмль блякуе антыкарупцыйнае расьсьледаваньне Навальнага
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
10.02.2018 14:23
Ролік пра прыгоды алігарха, віцэ-прэм'ера й беларускай грамадзянкі паглядзелі больш за 2 млн чалавек.
Кадр з відэароліка Аляксея Навальнага. youtube.com/screen/navalny.com
Фэдэральная служба па наглядзе ў сфэры сувязі, інфармацыйных тэхналёгіяў і масавых камунікацыяў (Роскомнадзор) унесла ў сьпіс забароненых сайтаў расьсьледаваньне карупцыйных сувязяў расейскага віцэ-прэм'ера Сяргея Прыходзькі. Пра гэта паінфармаваў партал Meduza.io
Роскомнадзор унёс у рэестры забароненых як ролік на YouTube, так і старонкі на сайце Аляксея Навальнага, дзе раскрываюцца сувязі паміж алігархам Алегам Дзерыпаскам, адказным за расейскую зьнешнюю палітыку чыноўнікам Сяргеем Прыходзькам, а таксама блізкім супрацоўнікам прэзыдэнта ЗША Полам Манафортам.
Згодна з расейскім заканадаўствам, Роскомнадзор заблякуе старонкі, калі іх уладальнікі ня выдаляць непажаданую інфармацыю на працягу сутак. Патрабаваньне выдаліць інфармацыю пра карупцыйны скандал расейскія ўлады выслалі таксама рэдакцыям сайтаў «Медиазона» і Радыё «Свабода».
Сувязі расейскага топ-чыноўніка з алігархам Алегам Дзерыпаскам і кіраўніком выбарчага штабу прэзыдэнта ЗША Полам Манафортам была выкрытая апазыцыянэрам Аляксеем Навальным, дзякуючы інстаграму беларускі Анастасіі Вашукевіч.
Ураджэнка Бабруйску была адной з дзяўчынаў, зь якімі алігарх бавіўся падчас плаваньня да берагоў Нарвэгіі ў 2016 годзе. Як вынікае з відэа, выкладзенага ў сацсеткі Анастасіяй, у круізе на яхце Алега Дзерыпаскі ўдзельнічаў і расейскі віцэ-прэмʼер Сяргей Прыходзька. Разам яны абмяркоўвалі справы бізнэсу й міжнароднай палітыкі.
Раней амэрыканскія СМІ паведамлялі, што Пол Манафорт праводзіў для Алега Дзерыпаскі брыфінгі, на якіх інфармаваў пра ход выбарчай кампаніі Дональда Трампа. Насамрэч Манафорт праводзіў іх для расейскага ўраду - мяркуе Аляксей Навальны.
Meduza.io/ап