Нямецкі ўрад лічыць тэму кампэнсацыі за вайну закрытай
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
13.11.2017 15:06
Аб гэтым гаворыць, між іншым, пасол Нямеччыны ў Польшчы Рольф Нікэль.
Гітлераўцы выганяюць з Варшавы габрэйскае насельніцтва. 1943 годwww.muzeum1939.pl
У тыднёвіку «Do Rzeczy» інтэрвію з паслом Нямеччыны ў Польшчы Рольфам Нікэлям (Rolf Nikel). Гаворка ідзе, між іншым, пра кампэнсацыю за ваенныя страты, якую патрабуе польскі ўрад ад Нямеччыны. Нікэль кажа: «Няма ніякіх сумненьняў, што немцы нясуць адказнасьць за жахлівыя злачынствы ў Польшчы падчас Другой сусьветнай вайны. Але пытаньне ваеннай кампэнсацыі ўжо закрытае ў юрыдычным і палітычным пляне. Нашы ўлады ў Бэрліне шмат разоў пра гэта казалі. Нягледзячы на трагічнае мінулае, мы сёньня – партнэры ў NATO ды Эўрапейскім Зьвязе.
Мы хочам будаваць двухбаковыя адносіны на грунце прымірэньня, каб разам шукаць вырашэньня вельмі важных праблем, якія датычаць Украіны, Расеі, аховы ўсходніх рубяжоў, нестабільнасьці ў краінах на поўдзень ад Міжземнага мора, росту моцы Кітая і г.д.», – дадае Нікэль.
На пытаньне пра польскую экспэртызу, з якой вынікае, што польскія патрабаваньні ня маюць тэрміну даўнасьці, нямецкі пасол адказвае, што можна было б весьці вельмі доўгія разважаньні, чые экспэртызы больш правільныя. Пазыцыя Бэрліна адназначная: пытаньне ўжо закрытае.
Рольф Нікэль завярае, што нямецкія ўлады стараюцца падтрымліваць Польшчу ў барацьбе з фальсыфікацыяй гістарычных фактаў, напрыклад, выкарыстаньнем фармуліроўкі «польскія лягеры сьмерці». Ён кажа, што сам два разы прымаў адпаведныя меры ў такім выпадку.
Do Rzeczy/нг