Пракуратура Гішпаніі патрабуе арыштаваць каталёнскіх міністраў
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
02.11.2017 14:26
Чацьвёра з 12 абвінавачаных, уключаючы былога прэм’ера Каталёніі Карлеса Пудждэмона, пакінулі краіну.
pixabay.com/Public Domain CC0
Пракуратура Гішпаніі патрабуе ў суда санкцыі на арышт сябраў нядаўна распушчанага ўраду Каталёніі. У звароце фігуруюць імёны васьмі былых міністраў, якія прыехалі ў Вярхоўны суд, каб растлумачыць акалічнасьці прыняцьця «Дэклярацыі аб незалежнасьці Каталёніі», агучанай на мінулым тыдні.
Вярхоўны суд прыняў рашэньне адкласьці слуханьні былых міністраў да 9 лістапада. Усяго для дачы паказаньняў былі выкліканыя 12 палітыкаў. Чацвёра зь іх, уключаючы былога прэм’ера Каталёніі Карлеса Пудждэмона, не зьявіліся ў суд, а выехалі ў Бэльгію. Два дні таму гішпанская пракуратура абвінаваціла сябраў каталёнскага ўраду ў сэпаратызьме і перавышэньні паўнамоцтваў.
27 кастрычніка Сэнат Гішпаніі прагаласаваў за ўвядзеньне ў Каталёніі прамога праўленьня, каб не дазволіць уладам правінцыі аддзяліцца. Адбылося гэта пасьля таго, як каталёнскі парлямэнт і ўрад прынялі дэклярацыю аб незалежнасьці.
IAR/ап