Logo Polskiego Radia
Print

Японскі імпэратар згадаў пра магчымае адрачэньне ад пасаду

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.08.2016 11:18
Акіхіта выступіў са зваротам да народу, у якім намякнуў на магчымае адрачэньне ад пасаду ў будучыні.
Імпэратар Акіхіта.Імпэратар Акіхіта.Photo: EPA/CHRISTOPHER JUE

Дзесяціхвілінны выступ манарха быў запісаны загадзя. 82-гадовы Акіхіта разважаў аб сваім узросьце, жорсткім графіку працы й праблемах са здароўем. «Калі я разважаю аб тым, што мой стан паступова пагаршаецца, я хвалююся, што мне ўсё цяжэй будзе выконваць свае абавязкі галавы дзяржавы», - паскардзіўся Акіхіта.

13 ліпеня японскае інфармацыйнае агенцтва Kyodo паведаміла, што імпэратар намераны ў бліжэйшы час адрачыся ад пасаду й перадаць трон свайму сыну - 56-гадоваму Нарухіта. Тады прэс-служба імпэратарскага двара катэгарычна аспрэчыла гэтую інфармацыю.

Насьледны прынц Нарухіта закончыў Оксфард, мае ступень магістра гістарычных навук. Любіць турызм і альпінізм, зьяўляецца членам Міжнароднага Алімпійскага камітэта. Прынц жанаты, у яго ёсьць дачка.

Імпэратар Акіхіта заняў трон у 1989 годзе пасьля сьмерці свайго бацькі - імпэратара Хірахіта. Акіхіта праславіўся як заступнік навукі. Ён скончыў унівэрсытэт, захапляецца біялёгіяй і іхтыялёгіяй, зьяўляецца аўтарам дзясяткаў навуковых прац.

Акіхіта стаў першым японскім імпэратарам, які ажаніўся зь дзяўчынай неарыстакратычнага паходжаньня - дачкой прэзыдэнта буйной мукамольнай кампаніі.

Reuters/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт