Logo Polskiego Radia
Print

Сьвята перамогі на фоне крызысу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.05.2016 12:00
На ваенны парад улады Расеі выдаткавалі ў чатыры разы менш, чым на мінулагодні.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Учора ў Расеі адзначалі гадавіну вялікай перамогі над фашыстамі. Аднак на ваенны парад улады выдаткавалі ў чатыры разы менш, чым на мінулагодні – паведамляе «Rzeczpospolita». Пры гэтым упершыню за восем гадоў пачаў зьмяншацца бюджэт на вайсковыя мэты.

Колькасьць салдат і машын, якія ўдзельнічалі ў парадзе, была на адну трэцюю меншай, чым годам раней. На Чырвонай плошчы было відаць наступствы крызысу, які ахапіў Расею ў выніку падзеньня цаны нафты і газу. Летась расейская эканоміка была на мінусе (3,7%) – упершыню за дзесяць гадоў. Паводле прагнозаў, у гэтым годзе эканамічны спад будзе на ўзроўні аднаго працэнта. Гэта прымусіла Крэмль панізіць выдаткі на ваенную галіну. Пакуль што на 5%, але Пуцін перасьцярог прадстаўнікоў ваенна-прамысловага комплексу, што дзяржаўныя заказы могуць толькі падаць.

Сёлета сьвята перамогі было для гаспадароў Крамля даволі сумным, паколькі з замежных лідараў на Чырвонай плошчы быў прысутны толькі прэзыдэнт Казахстану. Нават кіраўнік Беларусі застаўся дома. У мінулым годзе ў парадзе на Чырвонай плошчы ўдзельнічалі вайскоўцы дзевяці краін (між іншым Індыі і Армэніі). Цяпер не было гасьцей з-за мяжы.

Замест парадаў апошнія два гады ўлады прапануюць праводзіць 9 траўня грамадзкія шэсьці пад назваю «Несьмяротны полк», якія раней былі спантанныя. Аднак пачалі здарацца абсурды, калі людзей прымушалі хадзіць з партрэтамі і пагражалі рознымі санкцыямі. Усё, за што бяруцца ўлады, становіцца часткай прапаганды ды ідэалёгіі рэжыму.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт