Цімашэнка вяртаецца ў гульню
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
17.03.2016 15:13
Апытаньні грамадзкай думкі даюць ёй шанцы перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах.
pixabay.com
Пасьля рэвалюцыі годнасьці быў аб’яўлены яе канец. Майдан яе праігнараваў, калі яна прыехала ў сталіцу на Мэрсэдэсе з калёніі. На выбарах прэзыдэнта атрымала толькі 13% падтрымкі. Але цяпер Юлія Цімашэнка малымі крокамі вяртаецца ў гульню – чытаем у выданьні «Dziennik Gazeta Prawna».
Вайна ў лягеры ўлады, расчараваньне ўкраінцаў слабой грыўнай, ростам цэн, адсутнасьцю вынікаў у барацьбе з карупцыяй – усё гэта працуе на карысьць былой прэм’ер-міністаркі і палітычнай вязьняркі прэзыдэнта Віктара Януковіча.
Галоўным лёзунгам Цімашэнкі застаецца барацьба з карупцыяй і дэманстраваньне зразуменьня кожнай з груп, якая не атрымлівае карысьцяў ад рэвалюцыі. У аўторак яна выступала перад сялянамі, якія называюць свае пратэсты аграрным мінімайданам.
Цімашэнка распусьціла сваю славутую касу, а яе партыя «Бацькаўшчына» гуляе на два франты. З аднаго боку яна ўвайшла ва ўрадавую кааліцыю, але з іншага яе прадстаўнікі не ўвайшлі ў склад ураду, а гэта дазваляе Юліі адкрыта і рашуча крытыкаваць дзеяньні ўласнага кабінэта міністраў.
Адначасова Цімашэнка актыўна прасоўвае сваё вяртаньне на палітычную сцэну за мяжою. Некалькі дзён таму яна прабывала ў ЗША, паколькі разумее, наколькі важна здабыць сымпатыю амэрыканцаў. Вядома, што Кіеў кансультуецца па многіх справах з амэрыканскім паслом у Кіеве. Адной з прычын прамаруджваньня рашэньня аб новым урадзе зьяўляецца прэсінг дыплямата, каб новым прэм’ер-міністрам стала цяперашняя міністар фінансаў Натальля Ярэська, былая дыпляматка Дзярждэпартамэнту ЗША.
Апытаньні грамадзкай думкі даюць Цімашэнцы шанцы перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах, калі б адбылося датэрміновае галасаваньне. Аднак дзеля гэтага трэба прымусіць адрачыся ад пасады Парашэнку, а гэта нерэальна пры ягонай любові да ўлады.
Dziennik Gazeta Prawna/нг