Швэдзкі суд адмовіўся адмяніць ордэр на арышт Асанжа
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
11.05.2015 16:00
Асанж, грамадзянін Аўстраліі, знаходзіцца на тэрыторыі амбасады Эквадора ў Лёндане з 2012 года.
Вярхоўны суд Швэцыі адмовіўся адмяніць ордэр на арышт заснавальніка WikiLeaks Джуліяна Асанжа, які абвінавачваецца ў гэтай краіне ў сэксуальным гвалце, перадае Reuters.
Адвакат Асанжа заявіў, што расчараваны дадзеным рашэньнем. Паводле яго слоў, суд не дазволіў абароне, якая раней падала апэляцыю на выдачу ордэра, прадставіць свае аргумэнты.
У сакавіку прадстаўнікі пракуратуры заявілі, што Асанж, які знаходзіцца цяпер у пасольстве Эквадора ў Вялікабрытаніі, будзе дапытаны ў Лёндане. Абвінавачаны даў згоду на сустрэчу са сьледчымі на тэрыторыі дыппрадстаўніцтва. Да гэтага пракуроры плянавалі правесьці допыт у Швэцыі.
Асанж, грамадзянін Аўстраліі, знаходзіцца на тэрыторыі амбасады Эквадора ў Лёндане з 2012 года. Заснавальнік WikiLeaks асьцерагаецца, што брытанскія ўлады выдадуць яго Швэцыі й адтуль ён будзе экстрадаваны ў ЗША. У Злучаных Штатах Асанж можа быць асуджаны за адну з найбуйнейшых інфармацыйных уцечак ў гісторыі гэтай краіны. У 2010 годзе на сайце WikiLeaks быў апублікаваны цэлы шэраг ваенных і дыпляматычных дакумэнтаў.
lenta.ru/ав