IKEA спыняе выдаваць у Расеі часопіс з-за антыгееўскага закону
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
14.03.2015 17:19
У 2013 годзе з-за антыгееўскага закона IKEA выключыла з расейскай вэрсіі матэрыял пра пару лесьбіянак зь Вялікабрытаніі.
Швэдзкая сетка крам мэблі й тавараў для дома IKEA спыняе выпуск часопіса IKEA Family Live ў Расеі ў сувязі з законам аб забароне прапаганды нетрадыцыйных сэксуальных адносін. Паведамленьне пра гэта зьявілася на афіцыйным сайце часопіса.
«Мы разумеем, што шэраг публікацый у нашым часопісе можа быць расцэнены як прапаганда згодна адпаведнаму артыкулу. Пры вядзеньні бізнэсу мы выконваем заканадаўства краін, у якіх працуем», - адзначаецца ў паведамленьні кампаніі.
У лістападзе 2013 года з-за гэтак званага антыгееўскага закона IKEA выключыла з расейскай вэрсіі часопіса матэрыял пра пару лесьбіянак зь Вялікабрытаніі. У матэрыяле распавядалася, як Кляра й Крысьці, якія выхоўваюць дзіця, дэкаруюць сваё жыльлё. Прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасьці ў Швэцыі ахарактарызавалі рашэньне кампаніі як баязьлівае.
Публікацыі ў рэклямным часопісе швэдзкай карпарацыі й раней выклікалі неадназначную рэакцыю грамадзкасьці. Для прыкладу, у 2011 годзе ў Італіі IKEA апублікавала рэкламу з выявай двух геяў і подпісам «мы адкрытыя для ўсіх сем'яў», што выклікала крытыку з боку мясцовага ўраду.
IKEA Family Live - рэгулярнае выданьне для чальцоў клюба IKEA Family. У ім прадстаўлены ідэі па ўладкаваньні дома. Часопіс выдаецца ў 25 краінах, яго зьмест усюды аднолькавы.
вс