Фінляндыя шукае адказных за кібэратаку
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
02.11.2013 16:02
Улады краіны падазраюць, што ўзлом зьдзейсьнілі службы іншай краіны.
Кітай ня мае нічога агульнага зь кібэратакай на інтэрнэтную старонку фінскага Міністэрства замежных спраў, паведаміла сёньня кітайская амбасада ў Хельсінках. У заяве кітайскі бок гарантуе, што атака не была зьдзесьненая ні кітайскім урадам, ні вайсковымі структурамі гэтай краіны.
Учора прэм'ер-міністар Фінляндыі Юркі Катайнэн афіцыйна пацьвердзіў, што замежныя хакеры ўзламалі частку інтэрнэт-сыстэмы Міністэрства замежных спраў краіны. СМІ абвінавачваюць у гэтым Расею й Кітай.
Па гэтай справе выказаўся таксама прэзыдэнт Фінляндыі Саўлі Ніініста. Ён заявіў, што, калі акажацца, што за атаку адказвае нейкая краіна, то Фінляндыя рэзка рэагуе на дыпляматычным шляху.
Прадстаўнік міністэрства замежных спраў у Хельсінках паведаміў таксама, што раней некалькі разоў удалося перашкодзіць у спробах правядзеньня кібэратакаў. Аднак апошнім разам хакеры выкарысталі вельмі складаныя мэтады.
Паводле Міністэрства замежных спраў Фінляндыі, гэта азначае, што ўзлом не магла зрабіць адна асоба або нават група людзей.
аз