Урад абмяркоўвае бюджэт на 2012 год
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
27.09.2011 14:03
Паводле чальцоў ураду, на фінансы польскай дзяржавы ўплывае аслабленьне курсу польскай валюты.
Сёньня ўрад Польшчы абмяркоўвае бюджэт на 2012 год. Нагадваем, бюджэтныя прапановы на будучы год былі агучаныя вясной, паколькі ўрад хацеў пазьбегнуць заўзятых дэбатаў пра фінансы краіны падчас польскага старшынства ў ЭЗ.
Тым ня менш, цягам апошніх тыдняў аказалася, што на стан фінансаў польскай дзяржавы паўплывае шмат паказчыкаў, у тым ліку аслабленьне курсу польскай валюты.
Праект бюджэту на 2012 год прадугледжвае дэфіцыт на ўзроўні 35 мільярдаў злотых (амаль 8 мільярдаў эўра), гэта, паводле ураду, больш-менш столькі ж, колькі й сёлета. Апрача таго, урад спадзяецца высокага 4%-га эканамічнага росту, у чым, дарэчы, сумняюцца многія эканамісты. Бюджэт на 2012 год меў быць важным крокам у напрамку скарачэньня ўзроўню грамадзкай запазычанасьці краіны, але на мінулым тыдні міністар фінансаў Яцэк Растоўскі прызнаў, што запазычанасьць будзе крыху большая.
Яцэк Растоўскі: Калі гаворка ідзе пра ўзровень грамадзкай запазычанасьці ў дачыненьні да ВУП, то ён будзе крыху большы, чым мы на пачатку прадугледжвалі. Гэта вынік аслабленьня курсу польскай валюты.
Праект бюджэту на 2012 год прадугледжвае таксама інфляцыю на ўзроўні 2,8%, а таксама больш за 4% пераацэнкі пэнсіяў і сацыяльнай дапамогі ды больш за 2% павышэньне заработнай платы настаўнікаў.
аз