Польшча пачынае ашчаджаць
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
12.08.2011 11:57
Цягам двух бліжэйшых гадоў Мінфін Польшчы хоча ажыцьцявіць імгненную рэформу дзяржфінансаў у краіне.
Міністар фінансаў Польшчы заявіў, што цягам двух бліжэйшых гадоў ў краіне будзе ажыцьцяўляцца адна з найбольш імгненных рэформаў паляпшэньня сытуацыі дзяржаўных фінансаў у Эўропе.
Яцэк Растоўскі перакананы, што згаданыя дзеяньні загарантуюць бясьпеку і стабільнасьць польскай эканомікі.
Як паведаміў кіраўнік польскага Мінфіну, рашэньні па гэтай справе былі ўжо зацьверджаныя.
Яцэк Растоўскі: Сёлета і ў будучым годзе мы будзем вельмі жорстка прытрымлівацца пляну дзяржаўных выдаткаў, прадугледжанага дзяржаўным бюджэтам краіны. Урад ужо ўступна яго зацьвердзіў. Беручы пад увагу эканамічны рост, які быў зафіксаваны сёлета й які чакаецца ў будучым годзе, гэтыя дзеяньні дадуць выразныя вынікі.
Паводле міністра Растоўскага, ашчаднасьці, паляпшэньне сытуацыі нацыянальнага прадукту ды эканамічны рост павінны скараціць дэфіцыт сэктара дзяржаўных фінансаў на 80 мільярдаў злотых (гэта каля 20 мільярдаў эўра).
Міністар фінансаў дадаў, што ён падтрымлівае прагнозы, датычныя сёлетняя эканамічнага росту ў краіне на ўзроўні 3,9% ВУП, а ў будучым годзе – на ўзроўні 4%.
аз