У Варшаве адкрытая выстава, прысьвечаная паломніцтву Яна Паўла ІІ у Польшчу
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
02.06.2019 13:29
Інстытут нацыянальнай памяці падлічыў, што ў сустрэчах з папам рымскім удзельнічала каля 10 млн. палякаў.
Кардыналы К. Ныч (1. зьлева) і С. Дзівіш (3. зьлева) на адкрыцьці выставы PAP/Radek Pietruszka
У Варшаве адкрытая выстава пад загалоўкам «Устаньце, хадзем... Першае паломніцтва Яна Паўла ІІ у Польшчу». Сёньня спаўняецца роўна 40 гадоў з пачатку таго паломніцтва. Інстытут нацыянальнай памяці падлічыў, што ў сустрэчах з папам рымскім удзельнічала каля 10 млн. палякаў.
Паломніцтва мела вялізнае, гістарычнае значэньне для Польшчы, – адзначыў на адкрыцьці выставы кардынал Станіслаў Дзівіш.
С. Дзівіш: Мы былі тут 40 гадоў таму, таму гэтыя ўспаміны сёньня вярнуліся. Гэты візыт ня быў простым для Сьвятога Айца, паколькі ўлады не хацелі яго тут бачыць. Ня ведаю, чым яны кіраваліся, відаць, баяліся Масквы, яны не хацелі, каб папа рымскі прыехаў на ўрачыстасьць, прысьвечаную сьвятому Станіславу, на ўрачыстасьць 900-годзьдзя яго сьмерці.
На выставе прадстаўленыя некалькі дзясяткаў фотаздымкаў, якія раней не былі апублікаваныя, ёсьць таксама фрагмэнты выказваньняў прадстаўнікоў камуністычных уладаў краіны. Выставу падрыхтаваў Інстытут нацыянальнай памяці.
З нагоды 40-й гадавіны паломніцтва папы рымскага на Айчыну партал Польскага радыё падрыхтаваў адмысловы сэрвіс, прысьвечаны тым падзеям. На сайце можна ўбачыць усе месцы, якія наведаў Ян Павал ІІ, паслухаць прамовы папы рымскага з архіваў Польскага радыё.
ІАР ПР/нг