Logo Polskiego Radia
Print

Паліцыя арыштавала двух мужчын за нападзеньне на паліцэйскіх

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.05.2019 10:20
Адзін з іх быў раней дэпутатам муніцыпальных органаў. За напад на паліцыю яму пагражае да 25 гадоў турмы.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain/CC0

Міністар унутраных спраў Польшчы запэўніў у сацсетках, што нападзеньне на супрацоўніка паліцыі заўсёды будзе жорстка карацца. Яахім Брудзіньскі пракамэнтаваў напад на паліцэйскіх у суботу ў мясцовасьці Буска-Здруй. На дваіх паліцэйскіх быў зьдзейсьнены напад з нажом падчас інтэрвэнцыі ў супэрмаркеце ў цэнтры горада. Паліцыя арыштавала двух мужчын.

Намесьнік генэральнага пракурора загадаў кваліфікаваць акт як нападзеньне з намерам забіць, за што пагражае да 25 гадоў турмы, – абвясьціў на Twitter намесьнік міністра юстыцыі Патрык Які.

Двое маладых мужчын агрэсіўна сябе паводзілі ў супэрмаркеце, у сувязі з чым быў выкліканы патруль паліцыі. Адзін з мужчын пачаў пагражаць паліцэйскім, параніў аднаго нажом у сьпіну, а другі атрымаў павярхоўнае раненьне рукі падчас затрыманьня бандытаў. Супрацоўнікі паліцыі былі дастаўленыя ў шпіталь, але хутка выйшлі дадому, паколькі раны аказаліся лёгкімі.

Затрыманыя мужчыны прайшлі праверку на цьвярозасьць. Адзін з іх быў цьвярозы, другі меў звыш 1,6 праміле алькаголю ў крыві.

Па інфармацыі лякальных СМІ, 32-гадовы затрыманы быў дэпутатам мясцовага муніцыпалітэту ў горадзе Буска-Здруй. Міністар Брудзіньскі напісаў на Твітэр, што той, хто нападае на паліцэйскага падчас выкананьня ім службовых абавязкаў, павінен атрымаць самае жорсткае пакараньне. А яго ранейшыя палітычныя погляды ня маюць абсалютна ніякага значэньня.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт