Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы пашыраюць дапамогу для сям'і

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.04.2019 17:11
Польскі ўрад прыняў папраўкі ў заканадаўства, якія прадугледжваюць выплату 500 злотых на першае дзіцяці.
Foto: pixabay.com/CC0

Заяўкі на датацыі можна падаваць з ліпеня ў электронным выглядзе.

Польскі ўрад пашырыў праграму падтрымкі сям'і 500+. Дадзеная праграма была ўведзеная ў 2016 годзе і палягала на выплаце 500 злотых на другое і наступнае дзіця. На першае дзіця датацыя выплачвалася пры ўмове, што даходы ў сямʼі не перавышалі 800 злотых на чалавека.

Прэзэнтацыя пашыранай праграмы адбылася ў сядзібе Варшаўскай фондавай біржы. Прэмʼер-міністар Матэвуш Маравецкі зазначыў, што праграма 500+ была ўведзена дзеля доўгатэрміновага разьвіцьця Польшчы. Яна павінна павялічыць нараджальнасьць, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве будзе спрыяць эканамічнаму росту.

Паводле паведамленьня ўрада, праект прадугледжвае, што права на сямейную дапамогу ў памеры 500 злотых будуць мець усе дзеці і падлеткі ва ўзросьце да 18 гадоў, незалежна ад даходу сямʼі.

Польскі прэмʼер-міністар падкрэсьліў, што праграма 500+ палепшыць дэмаграфічную сытуацыю ў краіне ў пэрспэктыве 15-20 гадоў. Дзякуючы пашырэньню праграмы значна вырастуць выдаткі на сямʼю ў Польшчы, дасягаючы 3,5-4% ВУП.

Цяперашняй сямейнай палітыкай задаволеныя 60% палякаў, некалькі гадоў таму такіх было толькі 13%. Да гэтага часу праграмай скарысталіся 53% дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў. Цяпер датацыі атрымаюць 6 мільёнаў 800 тысяч дзяцей.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт