Logo Polskiego Radia
Print

Мэр Гайнаўкі далей дабіваецца забароны шэсьця ў гонар выклятых жаўнераў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.02.2019 09:15
Удзельнікі шэсьця намераны ўшанаваць памяць Р. Райса, які 73 гады таму правёў зачыстку некалькіх беларускіх вёсак.
Разгляд справы ў беластоцкім судзеРазгляд справы ў беластоцкім судзеPAP/Artur Reszko

Мэр падляскага горада Гайнаўка Ежы Сірак абскардзіў рашэньне суду, які адмяніў забарону на правядзеньне шэсьця ў гонар выклятых жаўнераў. Нагадаем, шэсьце плянуецца правесьці 23 лютага, а ўдзельнікі намераны ўшанаваць памяць перш за ўсё Рамуальда Райса (псэўданім «Буры»), які 73 гады таму правёў зачыстку некалькіх вёсак на Падляшшы, дзе пражывалі пераважна асобы праваслаўнага веравызнаньня. Атрад Бурага забіў некалькі дзясяткаў мірных жыхароў, а вёскі спаліў.

Па словах мэра Ежы Сірака, «Буры» быў забойцам, а не героем, і пра гэта можа даведацца кожны, хто прачытае даклад Інстытуту Нацыянальнай Памяці.

Е. Сірак: Кожны чалавек, які пазнаёміцца з дакладам Інстытуту Нацыянальнай Памяці, сам можа меркаваць, кім быў «Буры». Даклад у мінулым быў зробленым прафэсіяналамі, пракурорамі ІНП. Дзякуючы дакладу можна адназначна адказаць на пытаньне, ці «Буры» быў героем.

Інстытут Нацыянальнай Памяці заявіў у дакладзе, што дзейнасьць атрадаў «Бурага» носіць прыкметы генацыду праваслаўнага насельніцтва. Тым ня менш, у Гайнаўцы апошнімі гадамі ладзяцца шэсьці ў гонар выклятых жаўнераў і Рамуальда Райса. Летась удзельнікі скандзіравалі лёзунгі, якія маглі распальваць міжнацыянальную варожасьць. На гэтай падставе мэр забараніў правядзеньне шэсьця ў гэтым годзе, аднак суд адмяніў забарону, аргумэнтуючы сваё рашэньне тым, што абмежаваньне свабоды сходаў можна ўводзіць у выключных акалічнасьцях, а тым больш вельмі асьцярожна неабходна карыстацца прэвэнтыўнай забаронай.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт