Logo Polskiego Radia
Print

Польскія прадпрымальнікі вымушаны рыхтавацца да брэкзіту

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 04.12.2018 15:49
Пасьля выхаду з Эўрапейскага Зьвязу Вялікабрытанія стане чужой дзяржавай для ЭЗ.
pixabay.com/Public Domain CC0

Хутчэй за ўсё на пачатку красавіка 2019 году брэкзіт стане фактам. І не застанецца абыякавым для польскай эканомікі і для польскіх прадпрымальнікаў, лічыць намесьнік міністра прадпрымальніцтва і тэхналёгій Марцін Ацепа (Marcin Ociepa).

М.Ацепа: Брэкзіт адыгрывае фундамэнтальнае значэньне для Польшчы, таму што Вялікабрытанія зьяўляецца трэцім па ліку партнэрам па экспарце. У выпадку некаторых тавараў, да прыкладу, сельскагаспадарчых вырабаў, займае другое месца. Калі казаць пра грузатранспартныя перавозкі, гэта пытаньне існаваньня для часткі польскіх кампаній. Кожная чацьвёртая фура, якая заяжджае на тэрыторыю Вялікабрытаніі, зьяўляецца польскім грузавіком.

Польскія прадпрымальнікі вымушаны ўжо цяпер рыхтавацца да брэкзіту і мадыфікаваць сваю дзейнасьць на брытанскім рынку, а мо, нават поўнасьцю ад яго адмовіцца, кажа міністар Ацепа:

М.Ацепа: Вялікабрытанія стане чужой дзяржавай для Эўрапейскага Зьвязу. Зьявяцца ўсе ўмовы для памежнага кантролю. Маецца на ўвазе мыта, рознага віду дазволы й іншыя дакумэнты, якія дагэтуль не патрабаваліся на тэрыторыі свабоднага абмену таварамі і паслугамі на тэрыторыі ЭЗ.

Міністэрства прадпрымальніцтва й тэхналёгій падрыхтавала прыкладаньне, з дапамогай якога польскі прадпрымальнік атрымае магчымасьць даведацца, якія новыя абавязкі яму прыйдзецца выканаць пасьля брэкзіту.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт