Logo Polskiego Radia
Print

Польшча і Данія падтрымліваюць будаўніцтва газаправоду Baltic Pipe

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 11.09.2018 15:01
Запуск Baltic Pipe ў 2022 г.дасьць магчымасьць памяняць галоўны кірунак паставак газу ў Польшчу.

Будаўніцтва Балтыйскага газаправоду Baltic Pipe пачнецца вясной 2020 году і завершыцца ў 2022 годзе. Газаправод спалучыць дацкую і польскую энэргетычныя сыстэмы. Гэта пацьвердзілі ўдзельнікі канфэрэнцыі ў Капэнгагене. У сустрэчы ўдзельнічаў міністар па энэргетыцы Кшыштаф Тхужэўскі (Krzysztof Tchórzewski). Міністар адзначыў, што Польшча плянуе яшчэ больш зьнізіць долю вугалю ў энэргетыцы і павялічыць долю аднаўляльных крыніц энэргіі.

К.Тхужэўскі: Шлях да зьніжэньня колькасьці вугалю ў нашай энэргетычнай сыстэме стане магчымым, між іншым, дзякуючы супрацоўніцтву Польшчы з Даніяй. Дацкі ўклад - гэта супрацоўніцтва ў будаўніцтве газаправоду Baltic Pipe. Доступ да новых крыніц, у тым ліку бесьперашкодны доступ да газу ў якасьці тавару, а не элемэнту палітычнага ціску (як гэта адбываецца ў выпадку кантрактаў з Масквой), дасьць нам магчымасьць больш шырока выкарыстаць блакітнае паліва ў нашай эканоміцы.

Міністар Тхужэўскі хацеў бы, каб у бліжэйшай будучыні на Балтыйскім моры ўзьнік польскі ветрапарк. Міністар падкрэсьліў, што Польшча зьяўляецца пакуль яшчэ будпляцоўкай аднаўляльных крыніц энэргіі.

Міністар энэргетыкі Даніі Ларс Крысчэн Лілехолт (Lars Christian Lilleholt) заявіў, што дацкія кампаніі гатовыя інвэставаць у ветраныя праекты ў Польшчы. Ён падкрэсьліў, што разьмяшчэньне нашых краін у рэгіёне Балтыйскага мора дае шырокія магчымасьці для супрацоўніцтва ў гэтай галіне.

Газаправод Baltic Pipe спалучыць польскую сыстэму перадачы газу з дацкай і заадно з эўрапейскай, а таксама з газаправодам Skanled, які падае прыродны газ з нарвэскіх радовішчаў. 19 ліцэнзій на нарвэскім шэльфе належыць польскай энэргетычнай фірме PGNiG. У 2022 годзе заканчваецца кантракт з Газпромам на пастаўкі газу ў Польшчу. Запуск Baltic Pipe ў 2022 годзе дасьць магчымасьць памяняць галоўны кірунак, зь якога пастаўляецца газ у Польшчу, і дасьць магчымасьць рээкспарту.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт