У Вялікабрытанію перабралася больш за 1 мільён палякаў
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
26.05.2018 10:23
Гэта самая вялікая нацыянальная меншасьць у Злучаным Каралеўстве.
Лёнданpixabay.com/Public Domain CC0
Паводле даных, апублікаваных брытанскай Нацыянальнай статыстычнай службай (Office for National Statistics), у Злучаным Каралеўстве жыве ня менш за адзін мільён палякаў. Ужо ў 2016 годзе іх колькасьць складала 1,02 млн. Для параўнаньня: у 2015 годзе — 916 тыс.
А напярэдадні ўступленьня Польшчы ў Эўрапейскі зьвяз у Вялікабрытаніі жылі толькі 69 тысяч грамадзян Польшчы.
Больш за ўсё палякаў жыве ў Англіі і ў сталіцы — Лёндане. У Шатляндыі іх 91 тыс. чалавек, у Паўночнай Ірляндыі — 24 тыс.
Увогуле ж, грамадзян Польшчы жыве і працуе ў Злучаным Каралеўстве нашмат больш, чым напрыклад, асоб з пашпартамі Індыі (362 тыс.), Ірляндыі (335 тыс.) або Румыніі (328 тыс.).
Ёсьць, аднак, меркаваньне, што ў сувязі з ад’ездам часткі палякаў зь Вялікабрытаніі на мяжы 2016 і 2017 гадоў, пасьля брэксыту, колькасьць эмігрантаў можа быць меншая.
Тым часам, як сьведчаць дасьледаваньні Інстытуту рыначных і грамадзкіх дасьледаваньняў (Instytut Badań Rynkowych i Społecznych), аж 78,2% палякаў у Вялікабрытаніі не зьбіраюцца вяртацца на бацькаўшчыну. 40% палякаў хацелі б атрымаць брытанскі пашпарт, а 6,5% такі дакумэнт ужо маюць.
Polishexpress.co.uk/вк