Logo Polskiego Radia
Print

У польскіх ВНУ скарачаецца колькасьць студэнтаў

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 05.05.2018 12:22
Тым часам Варшаўскі і кракаўскі Ягелонскі ўнівэрсытэты лічацца найлепшымі ў сьвеце.
 pixabay.com/Public Domain/CC0

На працягу апошніх сямі гадоў у Польшчы скарачаецца колькасьць студэнтаў. Пра гэтую тэндэнцыю піша Plus Minus — дадатак да газэты Rzeczpospolita.

Магчыма, справа ў тым, што дыплём аб вышэйшай адукацыі не заўсёды сьведчыць пра здольнасьць работніка. Як тлумачыць спэцыяліст па кадрах Сандра Ледзён, падчас размовы з патэнцыяльным працаўніком для яе важна перш за ўсё тое, чым чалавек займаўся раней і чаму цяпер хоча атрымаць новую працу. А адукацыя можа адыгрываць другарадную ролю.

Сёлета прагназуецца, што часьцей за ўсё абітурыенты будуць імкнуцца паступіць на такія кірункі навучаньня, як права, эканоміка, кіраваньне, ангельская філялёгія. Але найбольшы попыт існуе на мэдыцынскія спэцыяльнасьці. Аднак ніхто не гарантуе добрай працы пасьля атрыманьня адукацыі па названых кірунках.

Таму колькасьць студэнтаў у Польшчы ў прынцыпе зьмяншаецца. Калі ў 2005 годзе іх было 2 мільёны, то летась — усяго 1 мільён 300 тысяч чалавек. Але калі параўнаць з 1990 годам, то і такая лічба не выглядае малой. Тады ў Польшчы вышэйшую адукацыю атрымлівалі 390 тысяч чалавек. З таго часу зьявіліся 42 новыя дзяржаўныя і 322 прыватныя ВНУ.

Тым часам у так званым шанхайскім рэйтынгу найлепшых унівэрсытэтаў сьвету польскія ВНУ займаюць вельмі высокія месцы. Варшаўскі ўнівэрсытэт утрымлівае чацьвёртую пазыцыю, а кракаўскі Ягелонскі — пятую.

Як кажуць экспэрты, будучыня за тымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, якія будуць спрытна рэагаваць на патрэбы рынку.

Rzeczpospolita Plus Minus/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт