Працягваецца абмеркаваньне дзяржаўнага бюджэту Польшчы на 2018 год
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
09.01.2018 15:12
Даходы дзяржбюджэту павінны перавышаць 355 мільярдаў злотых, а расходы – 397 мільярдаў злотых.
Zdjęcie ilustracyjnepixabay/CC0 License
На пачатку сьнежня дэпутаты прынялі некалькі дзясяткаў паправак, якія павялічваюць выдаткі дзяржбюджэту. Такім чынам былі разьмеркаваныя грошы, якія раней выдзяляліся на падрыхтоўку горада Лодзь да выставы Expo-2018. Сродкі атрымаюць муніцыпалітэты на дробныя выдаткі.
Дэпутаты вырашылі аб павелічэньні на 95 мільёнаў злотых гэтак званы агульны рэзэрв. Грошы будуць паходзіць са скарачэньняў бюджэтаў некаторых дзяржаўных установаў: Канцылярыі Сэнату, Канцылярыі Прэзыдэнта, Вышэйшага адміністрацыйнага суду, Вышэйшага суду і бюро амбудсмэнаў.
Паводле Міністэрства фінансаў, эканамічны рост Польшчы ў 2018 годзе будзе складаць 3,8%. Цэны вырастуць на 2,3%. Урад чакае, што напрыканцы гэтага году беспрацоўе будзе складаць 6,4%. Даходы дзяржбюджэту павінны перавышаць 355 мільярдаў злотых, а расходы – 397 мільярдаў злотых. Гэта азначае, што дэфіцыт перавысіць 41 мільярд злотых.
яс