Logo Polskiego Radia
Print

Жыхар Варшавы хацеў пакасіць газон і натыкнуўся на трохмэтровую зьмяю (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.09.2017 19:39
Пазьней аказалася, што зьмяя – гэта тыгравы пітон, які хутчэй за ўсё ўцёк з тэрарыюма.

Жыхар варшаўскага мікрараёну Влохы (Włochy) зьбіраўся пакасіць газон каля свайго дома, які знаходзіцца ў прыватным сэктары. Гэта яму зрабіць не ўдалося, бо на газоне ён убачыў вялізную зьмяю. Мужчына пазваніў у муніцыпальную паліцыю, якая выслала на месца здарэньня гэтак званы экапатруль. Паўзун з газона ўцёк у кусты. Жывёла была ў стрэсе й агрэсіўная. Яе ўдалося злавіць пры дапамозе спэцыяльнай прылады.

Пазьней аказалася, што зьмяя – гэта тыгравы пітон даўжынёй каля трох мэтраў. Тыгравыя пітоны могуць вырастаць да 10 мэтраў даўжыні й важыць 100 кг.

Хутчэй за ўсё пітон, які быў знойдзены ў Варшаве, уцёк з хатняга тэрарыюма, таму што ў апошні час пануе мода на тое, каб дома трымаць экзатычных жывёл. Муніцыпальная паліцыя спрабавала ў ваколіцы знайсьці ўладальніка паўзуна, але гэта ёй не ўдалося.

Тыгравы пітон трапіў у варшаўскі заапарк.

вс

фота: Варшаўская муніцыпальная паліцыя

/

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт