У Польшчы арыштавалі партыю курыных яек з Галяндыі
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
11.08.2017 13:09
40 тысячаў яек патэнцыйна могуць утрымліваць атруту фіпраніл.
pixabay.com/CC0 Public Domain
Да Польшчы патрапіла 40 тысячаў яек, якія могуць утрымліваць атруту фіпраніл. Пра гэта паведаміў Галоўны санітарны інспэктарат краіны. Прэс-сакратар санітарнай службы Ян Бондар (Jan Bondar) заявіў, што патэнцыйна атручаныя інсэктыцыдам яйкі ўдалося затрымаць і не пусьціць у гандлёвыя сеткі.
Пакуль пра наяўнасьць у курыных яйках атрутных рэчываў казаць рана, таму, што ніхто не праводзіў іх аналізу. Але яны паходзяць з фэрмаў, на якіх знайшлі заражаныя прадукты. Фіпраніл быў знойдзены ў яйках на адной з галяндзкіх фэрмаў. У Польшчу іх паставіла нямецкая фірма. Яйкі былі гатаваныя і ачышчаныя ад шалупіньня. Іх намерваліся выкарыстаць для вырабу салатаў і маянэзу. Падазроная партыя будзе зьнішчаная альбо вернутая вытворцы.
Фіпраніл – гэта сродак, які выкарыстоўваецца для барацьбы з вошамі і кляшчамі. Яго забаронена ўжываць для апрацоўкі жывёлаў, якіх гадуюць для спажываньня ў якасьці ежы.
IAR/ап