Logo Polskiego Radia
Print

Польская апазыцыя пратэстуе супраць зьменаў у судовай сыстэме

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 16.07.2017 15:58
Лідар партыі Nowoczesna.pl папрасіў прыехаць у Варшаву прадстаўнікоў Рады Эўропы й Эўрапейскага парлямэнту.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Лідар апазыцыйнай лібэральнай партыі Nowoczesna.pl Рышард Пэтру выслаў ліст у Вэнэцыянскую Камісію Рады Эўропы, Эўрапейскі парлямэнт і Камітэт па правах чалавека ААН у сувязі з законам аб рэформе судовай сыстэмы Польшчы, прынятым польскім парлямэнтам у суботу. Ён запрасіў прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў прыехаць у Варшаву 18-20 ліпеня на паседжаньне Сэйму, на якім адбудзецца галасаваньне над новым законапраектам аб Вярхоўным судзе.

Як напісаў у лісьце палітык апазыцыйнай партыі, нядаўна прынятыя законы аб Дзяржаўнай судовай радзе і судах агульнай юрысдыкцыі даюць магчымасьць міністру юстыцыі кантраляваць працу судоў і тым самым парушаюць прынцып падзелаў уладаў. Як падкрэсьліў Рышард Пэтру, уступленьне ў жыцьцё трэцяга закону – закону аб Вярхоўным судзе – дазволіць ураду прызначыць новых судзьдзяў Вярхоўнага суду й яшчэ больш узалежніць судовую ўладу ад выканаўчай.

Палітыкі партыі «Права і справядлівасьць», у сваю чаргу, заяўляюць, што прыняцьце новага закону разбурыць «паталягічную закрытасьць і карупцыю» судзейскага асяродзьдзя. Як зазначаюць прадстаўнікі кіроўнай партыі, судзейскае асяродзьдзе выбірае й кантралюе само сябе, у выніку чаго суды працуюць неэфэктыўна й доўга, а таму дрэнна ацэньваюцца грамадзянамі.

У суботу і нядзелю ля Сэйму й Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы прайшоў шэраг маніфэстацыяў супраць зьменаў у судовай сыстэме. Удзел у самай масавай зь іх, паводле дадзеных паліцыі, прынялі каля 5 тысячаў чалавек.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт