Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы заклікаюць да стварэньня Дэмакратычнага фронту

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 14.07.2017 13:53
З такой ініцыятывай выступіў кіраўнік партыі «Сучасная» Рышард Пэтру.
Foto: PAP/Marcin Bednarski

Партыя лічыць, што ў Польшчы пад пагрозай свабода й дэмакратыя. Адказам на гэта павінны быць сумесныя ды эфэктыўныя дзеяньні.

Лідар партыі «Сучасная» Рышард Пэтру прапанаваў тэрмінова правесьці перамовы з удзелам усіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці ў форме круглага стала. Ён дадаў, што гэта адказ на нядаўні заклік Леха Валэнсы ды Ўладыслава Фрасынюка.

Мэтай фронту павінна стаць барацьба за падваліны дэмакратычнай прававой дзяржавы.

Рышард Пэтру таксама прапанаваў стварыць у парлямэнце фэдэрацыю з удзелам фракцый партый Сучасная, Грамадзянская плятформа, Польская сялянская партыя, Руху Кукізʼ15, Саюза эўрапейскіх дэмакратаў ды асобных дэпутатаў, хто выступае за дэмакратычную Польшчу.

Паводле кіраўніка фракцыі Сучасная Катажыны Любнаўэр, зьмены, якія ажыцьцяўляе кіроўная партыя Права і справядлівасьць у судовай сыстэме, правядуць да таго, што грамадзяне будуць абсалютна безабаронныя перад уладай. Неўзабаве ўся ўлада ў краіне будзе ў руках адной асобы.

Рышард Пэтру дадаў, што партыя возьме ўдзел у нядзельнай дэманстрацыі перад парлямэнтам.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт