Logo Polskiego Radia
Print

Невядомыя замалявалі ўказальнікі на беларускай мове ў гміне Орля

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 04.07.2017 13:04
Мясцовыя беларусы не выключаюць, што гэта выхадкі польскіх крайне правых сіл.
фота: Польскае радыё «Беласток»/Міхал Сьцепанюк

Невядомыя вандалы замалявалі двухмоўныя ўказальнікі ў гміне Орля што на Беласточчыне. Пры гэтым была замаляваная толькі беларуская назва мясцовасьці, польская засталася некранутай, паведамляе рэгіянальнае Польскае радыё «Беласток».

Мясцовыя беларусы не выключаюць, што гэта выхадкі польскіх крайне правых сіл.

Гэта чарговы акт вандалізму ў гміне Орля. Раней беларускія назвы былі замаляваныя ў 2012 годзе, нядаўна ж былі зьнішчаныя табліцы з назвай вуліцы Чырвонай Арміі ў Орлі.

Нагадаем, Беласточчына – гэта кампактнае месца пражываньня беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. У гміне Орля большасьць жыхароў дэкляруюць беларускую нацыянальнасьць. У гміне беларуская мова мае статус дапаможнай мовы – гэта азначае, што муніцыпальныя чыноўнікі, якія працуюць з грамадзянамі, павінны яе ведаць і на ёй размаўляць, калі гэтага пажадае жыхар.

Паводле польскіх законаў, у гмінах і населеных пунктах, дзе нацменшасьць складае 20% агулу жыхароў, дазваляецца ўводзіць мову нацменшасьці ў якасьці дапаможнай, а таксама ставіць двухмоўныя дарожныя ўказальнікі.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт