У Польшчы апублікавалі казкі татараў
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Alaksandar  Papko
                        
                        24.06.2017 14:21
                    
                                 
                
                
                    Гісторыя татараў на землях Вялікага Княства Літоўскага й Рэчы Паспалітай налічвае 600 гадоў.
                
                
                    
                        
Ілюстрацыя: Muzulmanski Związek Religijny w Polscemzr.pl
                     
                
                
                
               
                
                         Больш за 50 казак і аповесьцяў цюркскіх народаў былі апублікаваныя ў кнізе, выдадзенай Мусульманскай рэлігійнай абшчынай Польшчы. Кніга «Баю-баю з татарскага краю» была выдадзеная, дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.
У кнізе можна знайсьці казкі й аповесьці крымскіх татараў, казахаў, башкіраў, азэрбайджанцаў, перакладзеныя з расейскай і цюркскіх моваў. Зь іх можна даведацца ня толькі пра звычаі цюркскіх народаў, іх строі і фальклёр, але таксама даведацца пра сьветапогляд мусульман і ўбачыць у казках унівэрсальныя гуманістычныя матывы.
Кніга «Баю-баю з татарскага краю» выйшла накладам у 500 асобнікаў. Татары зьяўляюцца адной з самых малых этнічных групаў у Польшчы. Але іх гісторыя на землях Вялікага Княства Літоўскага й Рэчы Паспалітай налічвае 600 гадоў. Паселеныя ў ВКЛ яшчэ Вітаўтам, ужо ў XVI-XVII татары асыміляваліся й забылі сваю мову, аднак захавалі рэлігію. Цяпер ва ўсходніх рэгіёнах Польшчы жыве каля 5 тысячаў мусульманаў татарскага паходжаньня.
PAP/ап