Logo Polskiego Radia
Print

Мэблевая прамысловасьць у Польшчы мае патрэбу ў драўніне

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.03.2017 13:46
У 2017 годзе прапдрыемства „Дзяржаўныя лясы” плянуе атрымаць больш за 40,5 млн кубамэтраў драўніны.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Прадпрыемства „Дзяржаўныя лясы” пастаўляе ўсё больш драўніны на польскі рынак. Сыравіна з гэтай крыніцы забясьпечвае звыш 90% патрэбы айчыннай мэблевай прамысловасьці, - кажа прэс-сакратар прадпрыемства „Дзяржаўныя лясы” Анна Маліноўска (Anna Malinowska).

Анна Маліноўска: У 2017 годзе прапдрыемства „Дзяржаўныя лясы” плянуе атрымаць рэкордную колькасьць драўніны, то бок больш за 40,5 мільёна кубічных мэтраў. Дзеля параўнаньня, у 1990-х гадох мы атрымлівалі 16 мільёнаў кубамэтраў драўніны. Гэта рашучы рост. Галоўнымі атрымальнікамі гэтай сыравіны зьяўляюцца айчынныя фірмы, у асноўным малыя й сярэднія прадпрыемствы.

З кожным годам прадпрыемства „Дзяржаўныя лясы” павялічвае колькасьць атрыманай сыравіны.

Анна Маліноўска: Гэта дазваляе прырода. Цяпер дасьпяваюць дрэвы, якія былі пасаджаныя неўзабаве пасьля Другой сусьветнай вайны. Менавіта таму мы атрымліваем больш драўніны. Тым ня менш, усё гэта не перавышае 65% росту драўніны. Таму нельга хвалявацца за будучыню лясоў у Польшчы. Яны будуць павялічвацца, мы пастаянна пашыраем іх паверхню. Адсотак лясоў у Польшчы будзе расьці.

На мінулым тыдні былі агучаныя паказчыкі разьвіцьця мэблевай прамысловасьці ў Польшчы за мінулы год. Кошт мэблі, якая вырабляецца ў краіне, дасягае 42 млрд 450 млн злотых ( больш за 9 млд 849 млн эўра). Амаль 26 тысяч прадпрыемстваў гэтай галіны працаўладкавала на канец мінулага году больш за 150 тысяч працаўнікоў. Сярэдняя заработная плата ў галіне складае больш за 3 262 золотых (амаль 757 эўра).

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт